Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат: узровень фактычнага беспрацоўя ў Беларусі — 4.7%


Кірмаш вакансіяў у Менску, архіўнае фота

Гэтыя дадзеныя агучыла на прэсавай канфэрэнцыі сёньня старшыня Белстату Іна Мядзьведзева. Абсьледаваньне было праведзенае ў другім квартале гэтага году.

Паводле Інтэрфаксу Мядзьведзева заявіла: «Фактычнае беспрацоўе склала 4,7% ці 239,1 тысяч чалавек. Узровень фактычнага беспрацоўя не крытычны».

Беларуская ўлада рэгулярна падае лічбы ўзроўню беспрацоўя, якія не перавышаюць 1%. Аднак гэтыя ацэнкі грунтуюцца на дадзеных цэнтраў занятасьці.

Больш дакладныя ацэнкі рэальнага беспрацоўя Белстат робіць радзей. «Для таго, каб сфармаваць мэтадалёгію і выбарку, з намі сумесна працавалі экспэрты Сусьветнага банку. Вы можаце быць абсалютна ўпэўненыя, што тая мэтадалёгія, якая сёньня выкарыстоўваецца для выбарачнага абсьледаваньня, цалкам адпавядае міжнародным стандартам» — адзначыла старшыня камітэту.

Каб атрымаць дадзеныя па фактычным беспрацоўі ў краіне абсьледуецца 7 тысячаў хатніх гаспадарак або каля 11 тысячаў чалавек.

Цяперашняе абсьледаваньне рэальнага беспрацоўя — усяго 6-е за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Першыя чатыры далі наступныя вынікі:

1999 — 6.2%,

2009 — 6.1%,

2012 — 5.6%,

2016 — 5.8%.

Сёлета Белстат зрабіў абсьледаваньне двойчы: у красавіку, тады рэальнае беспрацоўе склала 5.1%, і ў другім квартале — 4.7%.

Паводле Іны Мядзьведзевай цяперашні ўзровень фактычнага беспрацоўя ў краіне супастаўны з узроўнем беспрацоўя ў іншых дзяржавах. У якасьці прыкладаў яна прывяла дадзеныя па фактычнай беспрацоўі ў іншых краінах. У II квартале гэтага году ў Нямеччыне ўзровень беспрацоўя склаў 3,8%, у Вялікабрытаніі — 4,3%, у ЗША — 4,4%, у Расеі — 4,8%, у Польшча — 4,9%, у Аўстрыі — 5,5%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG