Камісія каардынацыі працы ў садзейнічаньні занятасьці насельніцтва пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця разаслала каля дзьвюх тысяч SMS «не занятым у эканоміцы» грамадзянам.
У іх паведамляецца, што атрымальнік SMS «залічаны да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы». Таксама ў ёй рэкамэндуецца зьвярнуцца ў камісію. Хаця пазначаны памылковы адрас сайту Берасьцейскага гарвыканкаму, а тэлефон амаль пастаянна заняты.
Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.
Чалец камісіі, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Вячаслаў Мятліцкі сказаў карэспандэнту Свабоды, што «не занятым у эканоміцы» ўжо разаслалі каля дзьвюх тысяч SMS. Але за чый кошт?
«Гэта ўжо нашы ўнутраныя пытаньні, за які кошт дасылаецца. Я распаўсюджваць такую інфармацыю ня буду. Людзі за іх ня плацяць. Для чаго гэта робіцца? Каб чалавек мог пацьвердзіць сваю занятасьць», — сказаў Вячаслаў Мятліцкі.
Атрымальнік SMS павінен зьвярнуцца ў камісію і падаць неабходныя дакумэнты, каб яго выключылі з «дармаедзкай» базы.
«Галоўнае, каб чалавек да нас зьвярнуўся і аб’явіўся».
Паводле Вячаслава Мятліцкага, камісія Маскоўскай адміністрацыі Берасьця «адна зь першых, хто пачаў выкарыстоўваць SMS».
Колькі ўсяго грамадзян камісія выключыла з базы і колькі ў ёй засталося, абяцаюць падсумаваць у канцы студзеня.