Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя ўлады патлумачылі, чаму бацькі дзяцей да сямі гадоў апынуліся ў базе «дармаедаў»


Архіўнае фота. «Марш абураных беларусаў» у Гомелі ў 2017 годзе
Архіўнае фота. «Марш абураных беларусаў» у Гомелі ў 2017 годзе

Камісія па каардынацыі працы па садзеяньні занятасьці Першамайскага раёну Менску патлумачыла Свабодзе, чаму пакінула ў базе незанятых у эканоміцы мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 7 гадоў.

Хоць згодна з пастановай Савету Міністраў (PDF) ад 31 сакавіка 2018 году грамадзяне Беларусі, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 7 гадоў, лічацца занятымі ў эканоміцы.

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

«Мы пакінулі гэтую катэгорыю, каб зь імі папрацаваць»

Начальніца ўпраўленьня сацыяльнай абароны адміністрацыі Першамайскага раёну Вольга Васілеўская сказала ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што камісія не парушала пастановы ўраду.

«Мы не парушаем нормы пастановы. Яны [бацькі дзяцей] будуць выключаныя. Але мы пакінулі гэтую катэгорыю, каб зь імі дадаткова папрацаваць. Мы павінны высьветліць сытуацыю з маці дзіцяці, зрабіць прывязку», — патлумачыла Вольга Васілеўская.

Напярэдадні БелТА распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што камісія па каардынацыі працы па садзеяньні занятасьці Першамайскага раёну Менску выявіла 170 жанчын і 188 мужчын, якія маюць дзяцей да 7 гадоў і аплачваюць камунальныя паслугі.

«Для пачатку нам трэба вызначыць іх дзіця»

Камісія вырашыла не выключаць мужчын з «дармаедзкага» сьпісу, а «правесьці работу па аказаньні садзеяньня занятасьці». Маўляў, «у аўтаматычным рэжыме немагчыма выявіць, ці самастойна яны выхоўваюць дзяцей бязь іхных маці».

Гэтых асобаў цяпер абтэлефаноўваюць «для ўдакладненьня сытуацыі».

Паводле Вольгі Васілеўскай, сябры камісіі маюць права задаваць такога кшталту пытаньні праз тэлефон.

«Паверце, мы не парушым ніводнага законнага права ніводнага чалавека. Нам спатрэбіцца некалькі дзён, каб усё высьветліць. Потым мы выключым іх з гэтай базы ў адпаведнасьці з нормамі пастановы. У пастанове напісана — „адзін з бацькоў“. Для пачатку нам трэба вызначыць іх дзіця, маці і паглядзець занятасьць маці і прыняць рашэньне, удакладніць сытуацыю па кожным. То бок тут прымяняецца індывідуальны, канкрэтны падыход, фактычна, не турбуючы людзей. Таму тут няма парушэньня заканадаўства».

«Жанчын мы практычна адпрацавалі»

— А чаму не правяраюць 170 выяўленых жанчын, якія маюць дзяцей да 7 гадоў і аплачваюць камунальныя паслугі? — спыталіся мы ў начальніцы ўпраўленьня сацыяльнай абароны адміністрацыі Першамайскага раёну Вольгі Васілеўскай.

— Бо жанчын мы ўжо ўсіх практычна адпрацавалі. На сёньня наша мэта — максымальна адпрацаваць базу дадзеных, не турбуючы людзей. І прыняць абгрунтаванае рашэньне аб уключэньні ў гэтыя сьпісы, выверыць сытуацыю па кожным чалавеку. Гэта вялікая і карпатлівая праца, якая цяпер ідзе.

— Вы кажаце — «не турбуючы людзей». Але ж мужчын, якія маюць дзяцей да 7 гадоў, вы абтэлефаноўваеце?

— Іншым разам, канечне, давядзецца патурбаваць, бо ўдакладніць сытуацыю па іх немагчыма. Бо ёсьць дзеці, народжаныя за межамі Рэспублікі Беларусь. І мы, на жаль, ня бачым бацькоў гэтых дзяцей у сябе па базах. Сытуацыя настолькі індывідуальная, што вельмі ветліва і карэктна мы па кожным удакладняем сытуацыю.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG