Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паўгода 500 чалавек узялі ўдзел у пратэстах супраць рэстарану ля Курапатаў


Пікет каля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

Споўнілася паўгода, як побач з Курапатамі адкрылася рэстарацыя «Поедем поедим». Адразу на знак пратэсту яе пачалі пікетаваць грамадзкія актывісты і прадстаўнікі апазыцыйных партый і арганізацый.

Пратэст працягваецца. Пікетоўцы надалей дамагаюцца закрыцьця рэстарацыі, абвінавачваючы яе ўласьнікаў у непавазе да памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

30 лістапада з нагоды паўгодзьдзя пікетаваньня каля рэстарацыі прайшла прэсавая канфэрэнцыя абаронцаў Курапат.

Пікетаваньне будзе працягвацца

Адзін з арганізатараў пратэстаў, сустаршыня БХД Павал Севярынец заявіў аб плянах на бліжэйшы час:

«Пікетаваньне будзе працягвацца, як вырашылі актывісты на апошнім сходзе, да перамогі».

Паводле Севярынца, толькі пасьля закрыцьця рэстарацыі можна будзе размаўляць зь яе ўласьнікамі наконт іх удзелу у мэмарыялізацыі Курапатаў.

«Для ўсяго грамадзтва гэта сьвятыня, абараняць якую мы лічым грамадзянскім абавязкам і гонарам», — сказаў Севярынец.

Павал Севярынец, архіўнае фота
Павал Севярынец, архіўнае фота

Шэсьць дасягненьняў за шэсьць месяцаў вахты

Павал Севярынец пералічыў шэсьць рэчаў, якіх дамагліся абаронцы Курапат за шэсьць месяцаў вахты.

• Народны байкот рэстарацыі «Поедем поедим» ужо адбыўся. Прыкладам, 29 лістапада ў рэстарацыю прыйшлі толькі 4 наведнікі. Нашы людзі ігнаруюць гэтую ўстанову, што бясспрэчна.

• Дзякуючы вахце павялічыўся грамадзкі рэзананс тэмы Курапат. За гэты час праз сотні артыкулаў і рэпартажаў у СМІ, пастоў у сацсетках пра іх даведаліся тысячы людзей.

• Важныя зьмены адбыліся ў саміх Курапатах. Усталяваныя дзясяткі новых крыжоў народнага мэмарыялу, праведзена добраўпарадкаваньне цэнтральнай дарожкі, зьявіўся дзяржаўны мэмарыяльны знак. У суботніку па добраўпарадкаваньні Курапат бралі ўдзел нават прадстаўнікі праўладных арганізацый. «Не магу ўявіць, каб гэта было б бяз вахты», — кажа Севярынец.

• Аб’яднаньне апазыцыі вакол курапацкай тэмы. У абароне Курапат бяруць супольны ўдзел рухі і арганізацыі, якія даўно не маглі паразумецца.

• Вахта каля Курапат выконвае ролю пляцоўкі для абмеркаваньня і прыняцьця рашэньняў, якія адбіваюцца на грамадзкай актыўнасьці. Тут нараджаліся ідэі, як сёлета адзначаць угодкі Слуцкага збройнага чыну.

• Паводле Севярынца, адзінае месца ў краіне, дзе можна безь перашкод выкарыстоўваць і папулярызаваць бел-чырвона-белы сьцяг, — гэта Курапаты. За яго ўжываньне міліцыянты ня склалі на пікетоўцаў ніводнага пратаколу.

Пікет каля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота
Пікет каля рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

500 чалавек выходзілі на пікеты

Паводле Паўла Севярынца, за 6 месяцаў у пікетаваньні рэстарацыі ля Курапатаў бралі ўдзел каля 500 чалавек, актывісты палітычных партый і грамадзкіх арганізацый: БНФ, БХД, КХП-БНФ, Маладога фронту, Моладзі БНФ, АГП, БСДП «Народная грамада», руху «За свабоду», «Эўрапейскай Беларусі», руху салідарнасьці «Разам» ды іншых. Але шмат сярод пікетоўцаў і тых, хто не ўваходзіць у пэўныя грамадзкія структуры, а прыходзіць бараніць Курапаты на покліч сэрца.

«Заклікаем беларусаў далей удзельнічаць у пікетаваньні. Набліжаюцца калядныя сьвяты, і рэстарацыя „Поедем поедим“ прапаноўвае беларусам свае паслугі, абяцаюць зьніжкі. Але мы спадзяёмся, што грамадзяне ня будуць спакушацца на заклік правесьці сьвята каля месца расстрэлаў. Мы будзем праводзіць пікетаваньне ня толькі ў будзённыя дні, але і ў сьвяточныя — на Каляды і Новы год», — сказаў Павал Севярынец.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з пачатку лета пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з уласьнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG