Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная камісія прыняла помнік у Курапатах без заўваг. ФОТА


14 лістапада ўсе сябры Дзяржаўнай камісіі падпісалі акт аб прыёмцы мэмарыяльнага знаку «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагодзьдзя». Падпісаньне адбылося ў Курапатах пасьля агляду самога знаку. «Якія ёсьць заўвагі?» — спытаў папярэдне ў сябраў камісіі яе старшыня, рэктар Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна.

Ад сябе Міхаіл Баразна сказаў, што «памятны знак цалкам адпавядае эскізам», якія раней былі зацьверджаныя.

Прадстаўніца Міністэрства культуры ў камісіі, намесьніца начальніка ўправы мастацтваў гэтай установы Марыя Нецьвятаева сказала, што каштарыс будаўнічых прац выкананы цалкам і безь перавышэньня. Ня выказалі прэтэнзій да помніка ні прадстаўнікі ФПБ, ні Менгарвыканкаму.

Гісторык Ігар Кузьняцоў, якога запрасілі ў камісію як прадстаўніка грамадзкасьці, заўважыў, што драўляны насьціл вакол помніка пад сьнегам і дажджом можа стаць сьлізкім. На гэта Леанард Багушэвіч, прадстаўнік ФПБ — арганізацыі, якая замовіла помнік і наглядала за працамі — патлумачыў, чаму небясьпекі ня будзе:

«Насьціл зроблены паводле палубнай тэхналёгіі, дошкі прамочаныя адмысловым рэчывам, сьлізка ня будзе і пратрымаецца шмат гадоў».

Яшчэ адна заява прадстаўніка грамадзкасьці тычылася таблічкі са словамі «Ахвярам палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў 20 стагодзьдзя», якая прымацаваная на адной з апор помніка. Ігар Кузьняцоў паведаміў, што на помніку павінны зьявіцца яшчэ тры падобныя таблічкі — па-расейску, па-польску і на ідыш. Гэтую ідэю ўхваліла мастацкая рада і прынялі аўтары.

Чаму гэтак важна, каб таблічкі былі ня толькі па-беларуску?

Ігар Кузьняцоў спаслаўся на вынікі аналізу базы дадзеных рэабілітаваных ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

«Там 5772 прозьвішчы. Пра іх дакладна вядома, што яны расстраляныя ў гэты пэрыяд у Менску. Магчыма, ня толькі ў Курапатах, бо дакладна не вядома, але мы лічым, што статыстыка прыкладна адна і тая ж. 57 працэнтаў расстраляных паводле нацыянальнасьці былі беларусамі, 25% — палякамі, 9% — габрэі, і 6% — рускія. Былі сярод ахвяр і літоўцы, латышы, прадстаўнікі іншых народаў — яны склалі яшчэ 3%. Проста каб падкрэсьліць шматнацыянальнасьць ахвяр, былі абраныя чатыры дзяржаўныя мовы тагачаснай БССР: беларуская, польская, руская і ідыш. На гэтых мовах зроблены надпісы на помніку, на гэтых мовах павінны быць таблічкі і пра тое, што помнік менавіта памяці ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў мінулага стагодзьдзя».

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

Таблічкі будуць вырабленыя на грошы аўтараў і неўзабаве зьявяцца на астатніх апорах помніка.

У выніку ўсе сябры дзяржаўнай камісіі падпісалі акт аб прыёмцы мэмарыяльнага знаку без заўваг.

Калі помнік у Курапатах будзе ўрачыста адкрыты?

Раней сярод абаронцаў Курапатаў цыркулявалі зьвесткі, што ўрачыстае адкрыцьцё помніка заплянаванае на 15 лістапада. Але сябры дзяржаўнай камісіі, якая прыняла помнік, сказалі Свабодзе, што ім пра гэта нічога не вядома.

«Для нас было важна ўсталяваць помнік і прыняць яго, а вось цяпер будзе вырашацца ўсё астатняе», — сказала Марыя Нецьвятаева зь Міністэрства культуры. Леанард Багушэвіч з ФПБ таксама сказаў, што дата адкрыцьця мэмарыяльнага знаку ў Курапатах яму невядомая. Асабіста ад сябе спадар Багушэвіч дадаў, што яму падабаецца мэмарыяльны знак, зроблены па праекце архітэктара Сяргея Аганава і скульптара Вольгі Нячай.

«Як па мне, дык добра і прыстойна, а густы ва ўсіх могуць быць розныя, моладзь можа думаць па-свойму. Але галоўнае, што помнік усталяваны», — сказаў прафсаюзны чыноўнік.

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, зьяўленьне прызнанага дзяржавай помніка ў Курапатах азначае, што цяпер адкрываецца магчымасьць мэмарыялізацыі ўсіх іншых месцаў у Беларусі, зьвязаных з рэпрэсіямі, прычым ня толькі сталінскіх часоў.

«Зроблена тое, чаго дамагаліся больш за 20 гадоў. Але, магчыма, дзяржава хацела б паставіць на гэтым кропку. Дык з гэтым мы ня можам пагадзіцца. Цяпер трэба дамагацца памятных знакаў ва ўсіх іншых месцах, дзе праводзіліся расстрэлы. А іх толькі ў Менску вядома 12, а па Беларусі — дзясяткі, — кажа гісторык Ігар Кузьняцоў. — Найперш трэба, каб у Менску на відным месцы быў усталяваны помнік усім ахвярам савецкіх рэпрэсій у Беларусі. Пацярпелі сотні тысяч людзей».

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG