Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Ўкраіна падпісалі пагадненьне аб рэадмісіі. Каго яно закране?


Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка ў Гомлі

Перамовы ішлі некалькі гадоў.

Сёньня ў Гомлі прадстаўнікі Беларусі і Ўкраіны падпісалі пагадненьне аб рэадмісіі.

У ім вызначаныя ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхнюю тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй.

Апроч таго, пад дзеяньне гэтага дакумэнту падпадуць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжаньня ў іншай краіне.

«Падпісаньне пагадненьня аб рэадмісіі дазволіць пераадолець нэгатыўныя наступствы, якія стварае незаконная міграцыя, і павялічыць эфэктыўнасьць супрацы ў барацьбе з гэтай зьявай», — адзначыў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Пагадненьне прадугледжвае спрошчаную працэдуру дэпартацыі грамадзян, якія парушаюць закон у краіне знаходжаньня.

Патрэбу ў гэтым пагадненьні актуалізавалі падзеі на ўсходзе Ўкраіны: жыхары Данецкай і Луганскай абласьцей зьяжджалі ад вайны ў Беларусь, а беларускія грамадзяне — ва Ўкраіну, дапамагаць адстойваць тэрытарыяльную цэласнасьць. Пагадненьне можа закрануць абедзьве гэтыя катэгорыі.

Што праўда, прэсавы сакратар Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Сяргей Гунько выключыў верагоднасьць дэпартацыі беларускіх добраахвотнікаў:

«Такое пагадненьне — звычайная міжнародная практыка для краін, якія маюць узаемную міграцыю. Беларускіх добраахвотнікаў гэта не закране. Калі яны маюць кантракт з Узброенымі сіламі, то іхны вайсковы квіток ёсьць падставай для легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Мне невядомы ніводзін выпадак, калі б з Украіны быў дэпартаваны замежнік, які браў удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе».

У рамках першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які сёньня завяршыў сваю працу ў Гомлі пры ўдзеле прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, падпісаныя таксама дакумэнты аб супрацы ў галіне турызму і плян кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG