Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг з ворагам свайго сябра. Тэзісы да сустрэчы прэзыдэнтаў Лукашэнкі і Парашэнкі ў Гомлі


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка (зьлева направа). Кіеў, 21 ліпеня 2017 году
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка (зьлева направа). Кіеў, 21 ліпеня 2017 году

25-26 кастрычніка ў беларускім горадзе Гомлі праходзіць першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. У пятніцу, 26 кастрычніка, у форуме возьмуць удзел, а таксама правядуць асобныя перамовы сам-насам, прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны.

Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, як паведамляе прэс-служба беларускага прэзыдэнта, «галоўны акцэнт у ходзе перамоваў зробяць на пытаньнях разьвіцьця гандлю, эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва». Акрамя гэтага, у стасунках дзьвюх суседніх дзяржаў застаюцца важныя палітычныя праблемы і праблемы бясьпекі.

Радыё Свабода зьвяртае ўвагу на галоўныя праблемы ў дачыненьнях Беларусі і Ўкраіны, якія могуць стаць прадметамі дыялёгу.

Што важна для Менску: таваразварот

У стасунках з Украінай Беларусь цікавіць у першую чаргу рост таваразвароту, бо Украіна — другі па ёмістасьці рынак для такой важнай галіны беларускай прамысловасьці, як машынабудаваньне.

Акрамя таго, украінскія спажыўцы купляюць беларускія прадукты харчаваньня, мэблю, бытавую тэхніку. Украінскі рынак ва ўмовах нестабільнай эканамічнай сытуацыі ў Расеі беларускім прадпрыемствам страчваць ніяк нельга. Заклікі беларускага ўраду да прадпрыемстваў шукаць і асвойваць новыя рынкі ў краінах Азыі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі не прынесьлі вынікаў.

Лягістыка паставак беларускіх прадуктаў харчаваньня ў Кітай не адпрацаваная, хоць там і гатовыя купляць беларускія харчы. Таму ў Беларусі робіцца асноўны акцэнт на эканамічнае супрацоўніцтва з Расеяй і Ўкраінай.

Ня варта забываць пра тое, што Ўкраіна залежыць і ад паставак нафтапрадуктаў зь Беларусі — 40% бэнзіну і 33% дызэльнага паліва на ўкраінскі рынак пастаўляюцца зь Беларусі. Украіна цьвёрда мае намер зьмяншаць сваю залежнасьць ад паставак паліва зь Беларусі да ўвядзеньня квот. Беларусь жа не зацікаўленая страчваць прэміяльны ўкраінскі рынак, таму беларускія ўлады вядуць гаворку аб каапэрацыі, інвэстыцыйным супрацоўніцтве ў гэтай сфэры.

За першае паўгодзьдзе 2018-га агульны таваразварот паміж Украінай і Беларусьсю склаў 2 мільярды 401,7 мільёна даляраў ЗША і ў параўнаньні з першым паўгодзьдзем 2017-га павялічыўся на 328,8 мільёна даляраў, або на 15,9%.

Пры гэтым экспарт украінскіх тавараў і паслуг склаў 715,1 мільёна даляраў, у параўнаньні з I паўгодзьдзем 2017-га ён вырас на 134,2 мільёна даляраў.

Імпарт тавараў і паслуг зь Беларусі ва Ўкраіну склаў 1 мільярд 686,6 мільёна даляраў ЗША і павялічыўся ў параўнаньні з 1-м паўгодзьдзем 2017 году на 194,6 мільёна, ці 13,1%. Гэта значыць, ва ўзаемным гандлі балянс на карысьць Беларусі амаль на мільярд даляраў.

Беларускі бок з задавальненьнем закрыў бы вочы на тое, што Ўкраіна як яго гандлёвы партнэр вядзе вайну з Расеяй, асноўнай саюзьніцай Беларусі. Але не атрымліваецца. Двухбаковыя дачыненьні азмрочаныя якраз прысутнасьцю Расеі ў прыняцьці рашэньняў у Беларусі, якая падрывае ўзаемны давер паміж Менскам і Кіевам і стрымлівае супрацоўніцтва.

Зьлева направа: прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, тагачасны кіраўнік зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Менску ў дзень сустрэчы, на якой гаворка ішла пра вайну на Данбасе. 26 жніўня 2014 году
Зьлева направа: прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, тагачасны кіраўнік зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў Менску ў дзень сустрэчы, на якой гаворка ішла пра вайну на Данбасе. 26 жніўня 2014 году

Што важна для Кіева: бясьпека

Кіеў ня ўпэўнены ў бясьпецы сваіх грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У першую чаргу тут прыгадваецца выпадак з сынам украінскага афіцэра Паўлам Грыбам, выкрадзеным у Гомлі невядомымі і перададзеным у ФСБ Расеі.

Цяпер хлопца ў Расеі судзяць за падрыхтоўку тэракту на падставе ягонага запісу ў сацсетцы, хоць ён не зьбіраўся ехаць у Расею.

А ў 5 раніцы 25 кастрычніка сёлета ў Менску міліцыя затрымала і некалькі гадзін правярала ў аддзяленьні ўкраінскага выдаўца Міколу Балабана. Пазьней яго адпусьцілі, але калегі асьцерагаліся, што паўторыцца выпадак з затрыманьнем менскай міліцыяй украінскага пісьменьніка Сяргея Жадана, які прыяжджаў для сустрэчы зь беларускімі чытачамі ў 2017 годзе.

Пісьменьнік тады правёў ноч у аддзяленьні міліцыі, атрымаў у пашпарт штамп аб забароне ўезду ў Беларусь. Толькі ўмяшаньне міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея спыніла інцыдэнт.

«Знаходжаньне грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі зьяўляецца патэнцыйна небясьпечным, і пра гэта мы будзем гаварыць зь Менскам. Мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць расейскія ўладныя структуры», — заявіў на днях міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у інтэрвію польскаму выданьню Rzeczpospolita.

«Шпіёнскі» скандал

Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 27 жніўня 2018 году
Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 27 жніўня 2018 году

​Па іроніі лёсу, у дзень пачатку форуму ў Гомлі 25 кастрычніка споўніўся роўна год, як у турме беларускага КДБ знаходзіцца ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка.

Журналісту перадаў нібыта сакрэтны дакумэнт у будынку пасольства Ўкраіны ў Менску супрацоўнік расейскага тэлеканала НТВ. Пасьля выхаду з пасольства Шаройку чакала група захопу КДБ Беларусі, і, хоць ніякага дакумэнту пры ім не было, Шаройка быў абвінавачаны ў шпіянажы і атрымаў 8 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

На два месяцы раней ва Ўкраіне быў затрыманы юрыст, беларус Юры Палітыка. Ён прыехаў у Чарнігаў з мэтай папрацаваць валянтэрам, але быў абвінавачаны ў крадзяжы сакрэтнай інфармацыі.

Прэзыдэнты рабілі ўжо некалькі спробаў дамовіцца аб абмене фігурантамі шпіёнскіх спраў, але дамоўленасьці зрываліся зь невядомай прычыны. Паколькі тэхнічна гэта зрабіць нескладана, самі прэзыдэнты перад сустрэчай найбольш зацікаўленыя ў вычарпаньні гэтых інцыдэнтаў. Шаройка нават напісаў прашэньне на імя прэзыдэнта Беларусі аб памілаваньні, але ён працягвае заставацца за кратамі. Як і Палітыка. Можна думаць, што абмену перашкаджае ўмяшаньне трэцяга боку.

Беларусь баіцца зброі з Украіны

Прэзыдэнт Лукашэнка ў мінулым месяцы, правёўшы перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Сочы, нечакана заявіў, што з украінскай тэрыторыі ў Беларусь трапляе зброя.

Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ўладзімір Пуцін. Сочы, 21 верасьня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка (зьлева) і Ўладзімір Пуцін. Сочы, 21 верасьня 2018 году

«Уплыў падзей ва Ўкраіне на нас вельмі вялікі. Асабліва ў пляне — нас турбуе — перавозкі зброі праз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі», — заявіў Лукашэнка яшчэ раз, ужо ў сярэдзіне кастрычніка, былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Юшчанку.

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084 кілямэтры, зь іх 120 кілямэтраў праходзяць праз зону адчужэньня Чарнобыльскай АЭС. Дэмаркацыя мяжы працягваецца з прыцягненьнем міжнароднай фінансавай дапамогі і павінна завяршыцца к 2026 году.

Аднак фактаў масавага правозу зброі беларускі бок так і не прывёў — наадварот, пасьля сумеснага пасяджэньня з украінскімі калегамі 23 кастрычніка старшыня памежнага камітэту Беларусі Анатоль Лапо заявіў: «Бакі канстатавалі адсутнасьць выяўленых памежнымі ведамствамі арганізаваных каналаў кантрабанды зброі, боепрыпасаў, выбуховых ды іншых небясьпечных рэчываў на ўчастку мяжы, які сумесна ахоўваецца».

Такім чынам, праблема мяжы — фактычна выдуманая Лукашэнка страшылка для ўнутранага спажываньня. Тым ня менш такія заявы, якія гучаць неаднаразова, падрываюць давер паміж краінамі.

Пазыцыя Беларусі ў міжнародных арганізацыях

Беларусь рэгулярна прытрымліваецца прарасейскай пазыцыі падчас важных для Ўкраіны галасаваньняў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Беларусь выступіла супраць уключэньня ў парадак дня Генэральнай асамблеі ААН пытаньняў «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Сэвастопаль», «Сытуацыя на часова акупаваных тэрыторыях Украіны».

«Нажом у сьпіну Украіне» назвала адно з такіх галасаваньняў намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка. Пасьля кожнага з такіх галасаваньняў беларускае МЗС вымушана апраўдвацца, але такімі дзеяньнямі Беларусь паказвае межы сваёй самастойнай палітыкі, г. зн. татальную залежнасьць ад Масквы ў важных для Расеі пытаньнях.

Роля Беларусі як дзяржавы-міратворцы

Магчымасць прымаць у Менску «нармандзкія» саміты і пасяджэньні Трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны дала магчымасьць Беларусі хутка змяніць імідж краіны-ізгоя, дзе парушаюцца правы чалавека і фальсыфікуюцца выбары, на імідж дзяржавы-міратворцы. Гэта зрабіла магчымымі візыты высокапастаўленых эўрапейскіх чыноўнікаў, аж да візыту кіраўнікоў Нямеччыны і Францыі.

Лукашэнка хацеў бы разьвіваць свой міратворчы посьпех, тым больш што прагрэсу з правамі чалавека ў краіне няма. Ён заявіў, што зацікаўлены ў разьмяшчэньні на Данбасе беларускіх вайскоўцаў у рамках міратворчай місіі ААН. Украінскія палітыкі выказваюцца супраць, бо Беларусь — вайсковы саюзьнік Расеі.

Можна меркаваць, што Лукашэнка зробіць новую спробу схіліць прэзыдэнта Парашэнку да падтрымкі беларускага ўдзелу ў міратворчай місіі, паколькі ў апошні час з Эўропы можна пачуць размовы пра новае замарожваньне кантактаў з Лукашэнкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG