Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ: Дакумэнты асуджанага за шпіянаж журналіста Шаройкі перададзеныя ў камісію па памілаваньні


Паўло Шаройка, архіўнае фота

Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык адказаў на пытаньне журналістаў, ці магчымы абмен асуджанага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі на беларуса Юрыя Палітыку, якога ва Ўкраіне судзяць за шпіянаж на карысьць замежнай дзяржавы.

«Мы такога варыянту не разглядаем, бо мы ня лічым Палітыку шпіёнам. Але цяпер дакумэнты на Шаройку перададзеныя ў камісію па памілаваньні пры прэзыдэнце. У залежнасьці ад яе рашэньня будуць разьвівацца далейшыя падзеі».

Чаканага тэрміну такога рашэньня Вакульчык не назваў.

Гісторыя шпіёнскага скандалу

Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка 2017 году ў Менску і абвінавачаны ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».

У дачыненьні Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358 артыкулу Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж. 23 траўня Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Украінскія экспэрты лічаць, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве, які абвінавачваецца ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.

Экспэрты мяркуюць, што Ўкраіна і Беларусь могуць абмяняцца «шпіёнамі» да наступнай сустрэчы прэзыдэнтаў Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, якая мае прайсьці 24–25 кастрычніка ў Гомлі ў рамках форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG