Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога не патлумачылі, але выбачыліся», — украінскі выдавец пра сваё затрыманьне ў Менску


Мікола Балабан

Кіраўнік кіеўскай Студыі натыўнай рэклямы ZDATNI Мікола Балабан, якога ўначы 25 кастрычніка затрымлівалі ў Менску для высьвятленьня асобы, бесьперашкодна вярнуўся ў Кіеў і выйшаў на працу.

Адзнак у пашпарт ня ставілі

У размове са Свабодай ён сказаў, што яму нічога не вядома пра тое, што пры затрыманьні яго нібыта пераблыталі зь ягоным поўным цёзкам, які супрацоўнічаў з валянтэрскай інтэрнэт-супольнасьцю InformNapalm.

«Я пра гэта нічога ня ведаю, і мне нічога наконт гэтага не казалі. Такой інфармацыі ў мяне няма. Усё, што мне вядома, я расказаў ужо», — кажа Мікола Балабан.

«Я выйшаў (з пастарунку), і мне сказалі — дзякуй, да пабачэньня. Прадстаўнік міграцыйнай службы выбачыўся, а ў маім пашпарце няма ніякіх адзнак аб забароне ўезду (на тэрыторыю Беларусі)», — дадаў украінскі выдавец. Абмяркоўваць падрабязнасьці свайго затрыманьня ў Менску ён адмовіўся.

Хацелі выдварыць цягам 3 дзён

У той жа час у камэнтары для беларускага выданьня «The Village Беларусь» ён сказаў, што ў часе высьвятленьня далейшых дзеяньняў датычна яго прадстаўнік міграцыйнай службы Беларусі гаварыў праз тэлефон са сваім калегам пра памылковае затрыманьне:

«Прадстаўнік вырашыў удакладніць тэрміны забароны на ўезд і выйшаў паразмаўляць праз тэлефон. Вярнуўся праз хвілін 15, але ні прычыны, ні тэрмінаў ён не даведаўся. Потым ён яшчэ раз патэлефанаваў кудысьці, каб удакладніць наконт формы апавяшчэньня пра тое, што мне трэба пакінуць краіну цягам трох дзён, але там яму сказалі, што адбылася памылка. Што ўезд забаронены ня мне, а майму цёзку, іншаму Міколу Балабану, які нарадзіўся са мной у адзін дзень».

Пасадзілі ў клетку

Мікола Балабан таксама расказаў, што міліцыя прыйшла да яго ў гатэль а 4–5 гадзіне раніцы 25 кастрычніка, а ў пастарунку яго пратрымалі мінімум да 10-й раніцы:

«Мяне прывезьлі ў пастарунак на праспэкт газэты „Звязда“, 46. Там я чакаў у калідоры на зэдліку. Тэлефон у мяне не забіралі, таму я змог зьвязацца з арганізатарамі. Яны хутка ўключыліся, датэлефанаваліся да консула. А 8-й раніцы мяне перавезьлі ў пастарунак на Грушаўскай. Там ужо папрасілі пачакаць у клетцы. Праўда, на ключ яе не замыкалі. Праз гадзіну-паўтары папрасілі аддаць акуляры, тэлефон, усё з кішэняў і шнуркі ад красовак. Трэба, дарэчы, сказаць, што хамства або агрэсіі з боку міліцыі не было».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG