Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Непаразуменьне» з затрыманьнем у Менску Міколы Балабана. На каго і навошта палявала беларуская міліцыя?


Украінскі мэнэджар у продажы рэклямы і юрыст Мікола Балабан, якога 25 кастрычніка затрымалі ў Менску

Свабода пагутарыла з украінскім актывістам, зь якім учора ў Менску міліцыя магла паблытаць затрыманага выдаўца.

У чацьвер у менскім гатэлі затрымалі кіеўскага мэнэджара ў продажы рэклямы і юрыста Міколу Балабана. Праз шэсьць гадзін пасьля высьвятленьня асобы і сфэры дзейнасьці яго адпусьцілі, а арганізатары Форуму мэдыямэнэджмэнту і ІТ, на які той прыехаў у Менск, назвалі гэты выпадак «непаразуменьнем».

Хто меў быць на месцы затрыманага бізнэсоўца?

За гэтай дэтэктыўнай гісторыяй зь цікавасьцю і хваляваньнем за цёзку ва Ўкраіне назіраў яшчэ адзін Мікола Балабан — кіраўнік няўрадавага Цэнтру дасьледаваньня бясьпекавага асяродзьдзя «Прамэтэй» (Львоў).

Мікола Балабан – кіраўнік няўрадавага Цэнтру дасьледаваньня бясьпекавага асяродзьдзя “Прамэтэй”
Мікола Балабан – кіраўнік няўрадавага Цэнтру дасьледаваньня бясьпекавага асяродзьдзя “Прамэтэй”

Раней Мікола Балабан актыўна супрацоўнічаў зь вядомым валянтэрскім праектам InformNapalm, створаным у 2014 годзе для інфармаваньня аб агрэсіі Расеі супраць Украіны, і браў удзел у расьсьледаваньні катастрофы самалёта рэйсу MH-17, зьбітага ў небе над Данецкай вобласьцю.

Цяпер Балабан сканцэнтраваўся на аналітычнай працы — піша для замежнай аўдыторыі пра сытуацыю ва Ўкраіне. У Беларусі ж ён быў толькі аднойчы, яшчэ ў гады свайго студэнцтва.

«Сябры падумалі, што ў Менску затрымалі мяне»

— Раніцай сябры і знаёмыя пачалі скідваць мне інфармацыю, бо адразу падумалі, што гаворка менавіта пра мяне, у першую чаргу праз маю валянтэрскую дзейнасьць у InformNapalm. Для мяне гэта было зразумела, таму што мяне ўжо блыталі з гэтым Міколам Балабанам. Калі я пабачыў інфармацыю пра ягонае затрыманьне, зразумеў, што мусіў быць я на ягоным месцы. Псыхалягічна пасьля сэрыі скандалаў, якія былі ў Беларусі з затрыманьнем украінцаў і зьнікненьнем Паўла Грыба (у Гомлі) я даўно быў гатовы да таго, што і ў Расею, і ў Беларусь мне дарога забаронена. Тым больш што на расейскіх рэсурсах былі артыкулы пра мяне як украінскага прапагандыста. Думаю, што маё імя там цыркулюе, як і многіх іншых людзей, і ёсьць у агульнай базе дадзеных.

Апроч таго, я год, зь лета 2014-га, служыў ва Ўзброеных сілах Украіны. Гэта была другая хваля мабілізацыі, вельмі цяжкая. Я пайшоў добраахвотна на мабілізацыйны пункт і выяжджаў на фронт якраз у той самы момант, у дзень Незалежнасьці, калі нашы войскі трапілі ў акружэньне ў Ілавайску. Служыў у сэктары С, каля Дэбальцава.

— Ці заўважалі вы вакол сябе нейкія рэчы, якія маглі б сьведчыць пра пэўную цікавасьць да вас з боку спэцслужбаў Беларусі ці Расеі?

— Часам пасьля маіх публічных выступаў нейкія дзіўныя людзі дадаваліся ў сябры ў сацыяльных сетках. Але ніякіх падазроных запрашэньняў на мерапрыемствы ці акцыі не было — ні з боку Расеі, ні з боку Беларусі. Апроч сацыяльных сетак і такіх агульных спроб збору інфармацыі пра мяне я ня бачыў нічога такога асаблівага.

У верасьні мяне запрасілі ў Казахстан на канфэрэнцыю, і я шмат вагаўся, баяўся, што мяне могуць арыштаваць, бо думаў, што Расея, Беларусь і Казахстан, то бок палітычныя рэжымы, блізкія да Крамля, знаходзяцца ў адной сыстэме бясьпекі з адзінай базай дадзеных памежных ведамстваў пра людзей, якіх трэба затрымаць. Я ляцеў у Казахстан не праз Расею, але ў Казахстане абсалютна ўсё прайшло добра — і на ўезьдзе, і на выезьдзе. Значыць, толькі Беларусь з Расеяй мае такую адзіную базу, а Казахстан не.

— На вашу думку, якія вашы праекты найбольш цікавыя для спэцслужбаў?

— Зразумела, арганізацыі InformNapalm. Я ўдзельнічаў у распрацоўцы матэрыялаў пра катастрофу «Боінга» і перамяшчэньне ўстаноўкі «Бук», зь якой самалёт быў зьбіты. Дадаткова я быў яшчэ прэзэнтэрам гэтага расьсьледаваньня ў сродках масавай інфармацыі. Цяпер мы стварылі яшчэ адну грамадзкую арганізацыю «Прамэтэй» і супольна з InformNapalm выдалі ў пяці моўных вэрсіях кнігу «Данбас у агні». Гэта такое невялікае дасьледаваньне, своеасаблівы падручнік для людзей, якія хочуць разабрацца ў тым, што адбываецца на Данбасе. Мы шмат працавалі і з замежнымі экспэртамі, перадавалі гэтую працу ў АБСЭ, ПАРЭ. Міністэрства замежных спраў распаўсюджвала яе ў дыпляматычных установах. Мяркую, гэта была вельмі прыкметная публічная актыўнасьць, якая магла нейкім чынам зацікавіць спэцслужбы.

«Я ніколі не выказваўся наконт Беларусі»

— Ці займаліся вы дасьледаваньнямі на беларускую тэматыку? І як вы думаеце, каго больш цікавіце — беларускую ці расейскую спэцслужбы?

— У межах супольнасьці InformNapalm праводзіліся і беларускія дасьледаваньні пры супрацы зь беларускімі валянтэрамі. Дасьледаваліся вучэньні «Захад-2017», параўноўвалася тэхніка з узбраеньнем на Данбасе. Ёсьць нават беларускамоўная вэрсія такіх расьсьледаваньняў, але я ня ўдзельнічаў у іх.

Хутчэй за ўсё размова ідзе пра «чорныя» сьпісы Расеі, дзеяньне якіх распаўсюджваецца на тэрыторыю Беларусі. Насамрэч я ніколі не выказваўся наконт Беларусі — ні публічна, ні прыватна. Маю вельмі добрыя асабістыя стасункі зь беларусамі, але прафэсійна ніколі не займаўся вывучэньнем беларускай тэматыкі. І я вельмі спадзяюся, што яшчэ прыеду ў Беларусь ня раз, але пазьней.

Цяпер я завяршаю працу над дысэртацыяй, вывучаю падзеі першых двух тыдняў пасьля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Як навукоўца мяне цікавіць агульная тэорыя гвалту — дзе ён зьяўляецца і дзе зьнікае, якія ў яго мэханізмы. І мой кейс, мая дысэртацыя — гэта мікрагісторыя, у якой я спрабую апісаць два тыдні: як паводзілася грамадзтва, савецкая ўлада, НКВД і спэцслужбы ў прасторы гораду, калі савецкія войскі адступалі, а немцы наступалі. Мне вельмі цікава, бо, калі я служыў на Данеччыне, мне было дзіўна, чаму там не было масавых выпадкаў гвалту. Ёсьць вельмі моцнае напружаньне ў сувязі з баявымі дзеяньнямі, але няма акцый помсты. Тэма вельмі вузкая, але яна зьвязаная з сучаснасьцю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG