Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцам у Беларусі небясьпечна, але мусім супрацоўнічаць, — украінскі міністар


Міністры замежных спраў Украіны і Польшчы Паўло Клімкін і Яцэк Чапутовіч на супольнай прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве 23 кастрычніка

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін заклікаў Польшчу да актыўнай супрацы з Беларусьсю, каб не дапусьціць дэстабілізацыі з боку Расеі.

«Мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць расейскія ўладныя структуры. Расея прысутнічае там у сфэры бясьпекі. Але ў двухбаковых адносінах, палітычных і эканамічных, у нас няма вялікіх праблем. Ізноў гаворка ідзе пра Расею, якая спрабуе дэстабілізаваць рэгіён Цэнтральна-Усходняй Эўропы. І дадаткова спрабуе давесьці Эўразьвяз да падзелу. Мяркую, што гэта наш агульны ўкраінска-польскі выклік, і таму мы павінны супрацоўнічаць у нашым рэгіёне», — заявіў Паўло Клімкін.

Такім чынам міністар замежных спраў Украіны адказаў на пытаньне журналіста польскага выданьня Rzeczpospolita аб дачыненьнях зь Беларусьсю, у якой «быў арыштаваны ўкраінскі журналіст за шпіянаж, а ўкраінскі блогер затрыманы і перададзены ў Расею, дзе ён знаходзіцца ў турме».

«Гэта сьведчыць, што знаходжаньне грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі ёсьць патэнцыйна небясьпечным, і пра гэта мы будзем гаварыць з Менскам», — адзначыў Клімкін.

Гаворка ідзе пра журналіста Ўкраінскага радыё Паўла Шаройку, асуджанага ў Беларусі за шпіянаж да 8 гадоў пазбаўленьня волі, і Паўла Грыба, які зьнік у Гомлі і цяпер знаходзіцца ў Расеі ў ізалятары паводле абвінавачаньня ў «спрыяньні тэрарызму».

Найбліжэйшыя кантакты кіраўніцтва Беларусі і Ўкраіны маюць адбыцца 25-26 кастрычніка ў Гомлі на першым Форуме рэгіёнаў дзьвюх краін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG