Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей анансаваў «вострую, але канструктыўную» размову з Расеяй


Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Макеем «паставіў задачу падрыхтаваць сапраўды грунтоўную, зьмястоўную гутарку з расейскім бокам», расказаў міністар.

Як піша БелТА, Уладзімер Макей расказаў, што Аляксандар Лукашэнка «хоча бачыць на гэтай пасадзе [амбасадара Беларусі ў Расеі] дынамічнага чалавека, які ня толькі працягнуў бы тую працу, якую праводзіў папярэдні пасол, але і надаў бы новы імпульс працы з канкрэтнымі рэгіёнамі, з фэдэральнымі уладамі Расеі ў цэлым, і каб актыўна ўзаемадзейнічаў з Эўразійскай эканамічнай камісіяй, якая таксама адыгрывае важную ролю ў сыстэме нашых міждзяржаўных адносін».

Да таго стала вядома, што Лукашэнка разглядзеў сьпіс прапанаваных Макеем кандыдатаў у амбасадары, «некаторыя кандыдатуры ацаніў станоўча», ды «даручыў дадаткова падумаць над іншымі варыянтамі». Якіх кандыдатаў прапаноўвалі, не паведамляецца.

«Сказана, што некаторыя кандыдатуры прымальныя, але давайце яшчэ паглядзіце, больш уважліва... Пастаўлена задача далажыць у найбліжэйшы час, каб Прэзыдэнтам было прынята канчатковае рашэньне», — дадаў Макей.

Ён таксама закрануў тэму маючых адбыцца неўзабаве беларуска-расейскіх перамоў на найвышэйшым узроўні з удзелам урадаў дзьвюх краінаў.

«Прэзыдэнт паставіў задачу падрыхтаваць сапраўды грунтоўную, зьмястоўную гутарку з расейскім бокам, — заявіў Макей. — Я перакананы, што гэта будзе, можа быць, вострая, але вельмі канструктыўная размова, якая дазволіць нам вырашыць праблемныя пытаньні, што застаюцца ў нашым сёньняшнім парадку дня».

На якую тэму павінна быць «вострая» размова, ён не ўдакладніў. Ды Лукашэнка на публічнай частцы сустрэчы з Макеем шмат увагі ўдзяляў гандлю і эканоміцы. Пытаньні новых нафтагазавых або старых мясных, малочных і фруктовых спрэчак публічна на той сустрэчы не агучвалася.

«Мы пакутуем»

Макей таксама заявіў, што ў пазыцыі Беларусі да канфлікту ва Ўкраіне (Беларусь не прызнае Крым ні расейскім, ні ўкраінскім; ладзіць перамовы кантактнай групы па Данбасе) «ня трэба шукаць палітычных дывідэндаў», піша БелТА.

«Зразумела, што заўсёды нехта будзе гаварыць на гэтую тэму, — патлумачыў Макей. — Але гаворка ні ў якай меры не ідзе ні пра якія палітычныя дывідэнды. Таму што мы пакутуем ад той канфрантацыі, якая сёньня прысутнічае ў рэгіёне. Мы пакутуем у гандлёва-эканамічным, палітычным, гуманітарным пляне.

Таму палітыка Беларусі нацэленая адназначна на тое, каб тут былі мір, спакой і бясьпека. Гэта будзе і далей. І кіраўніком дзяржавы былі дадзены выразныя, канкрэтныя ўстаноўкі на гэты конт».

***

Папярэдні амбасадар Ігар Петрышэнка займаў пасаду з 2012 году, ды цяпер прызначаны віцэ-прэм’ерам (перад прызначэньнем Лукашэнка казаў, што прыслухаецца да думак Макея аб кандыдатурах на пасады ў вярхах ураду). Пазамінулы амбасадар Андрэй Кабякоў быў на пасадзе толькі год, пасьля чатыры гады быў прэм’ерам, ды быў звольнены пасьля крытыкі ўраду за «пафігічнае стаўленьне» да даручэньняў Лукашэнкі. Да яго амбасадарам больш за пяць гадоў быў Васіль Даўгалёў, які пасьля стаў дарадцам старшыні «Белгазпрамбанку».

Тым часам Беларусь чакае прыбыцьця новага расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча.

Ягонае прызначэньне адбывалася неадназначна — хадзілі чуткі, нібы Беларусь не дае згоды на кандыдатуру чыноўніка, раней адхіленага Ўкраінай праз удзел у рашэньні аб акупацыі Крыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG