Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалілі журналіста Паўлюка Быкоўскага, падазраванага па «справе БелТА». ВІДЭА

абноўлена

Паўлюк Быкоўскі пасьля допыту ў Сьледчым камітэце
Паўлюк Быкоўскі пасьля допыту ў Сьледчым камітэце

10 жніўня пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Беларусі вызвалілі карэспандэнта Deutsche Welle ў Менску Паўлюка Быкоўскага.

Паўлюк Быкоўскі быў затрыманы 8 жніўня на 72 гадзіны. Гэты тэрмін меў скончыцца ў суботу, 11 жніўня. Перад гэтым у яго кватэры быў праведзены ператрус з канфіскацыяй электронных носьбітаў інфармацыі. Deutsche Welle зьвярнулася да беларускага амбасадара ў Бэрліне з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Быкоўскага.

Паўлюк Быкоўскі пасьля допыту ў Сьледчым камітэце
Паўлюк Быкоўскі пасьля допыту ў Сьледчым камітэце

Быкоўскі мае статус падазраванага і даў падпіску аб неразгалошваньні. Адвакат журналіста Яўген Пыльчанка падаў скаргу на факт затрыманьня свайго кліента.

За кратамі ў гэтай справе яшчэ застаецца галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына.

​Увечары 9 жніўня на волю выйшлі галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, а таксама Ганна Калтыгіна і Ганна Ермачонак з Tut.by, рэдактар сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў і журналістка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова. Удзень 9 жніўня была вызваленая Галіна Ўласік (Tut.by).

Сьледчы камітэт Беларусі з гэтай нагоды заявіў, што падчас правядзеньня сьледчых дзеяньняў атрыманыя доказы, сьведчанні падазраваных, якія пацьвярджаюць факты, што паслужылі падставай для завядзеньня крымінальнай справы паводле арт. 349 («несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») Крымінальнагу кодэксу Рэспублікі Беларусь. Гаворка ідзе пра несанкцыянаваны доступ да платнай стужкі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Усяго ў крымінальнай справе фігуруюць прадстаўнікі 6 рэдакцый: ЗАТ «БелаПАН», ТАА «ТутБай Мэдыя», выдавецтва «Беларуская навука», газэта «Культура», ТАА «РыэлтБай», ТАА «АйЦіВі».

Большасьць затрыманых з рэдакцый незалежных СМІ пакуль адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе, вядзецца сьледзтва, ім пагражае да 2 гадоў турмы. Галоўнаму рэдактару Tut.by Марыне Золатавай таксама прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкулу «Бязьдзейнасьць службовай асобы» Крымінальнага кодэксу Беларусі, паводле якога ёй пагражае да 5 гадоў зьняволеньня і забарона займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць​

Падчас ператрусу ў офісе БелаПАН 7 жніўня 2018 году

  • ​Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG