Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія СМІ пра «справу БелТА»: Дзяржава хоча паказаць, хто гаспадар


Падчас ператрусу ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН 7 жніўня 2018 году
Падчас ператрусу ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН 7 жніўня 2018 году

Так камэнтуе нямецкае радыё Deutschlandfunk «справу БелТА», у выніку якой у Беларусі міліцыя затрымала больш за дзясятак незалежных беларускіх журналістаў, правяла ў іх дома і на месцы працы ператрусы і на некалькі дзён ізалявала іх у пастарунку.

Паводле афіцыйнай заявы прадстаўнікоў сьледчых органаў, размова ідзе пра незаконны доступ да платнай інфармацыі дзяржаўнай агенцыі.

Карэспандэнтка Deutschlandfunk Забіна Адлер (Sabine Adler), якая піша пра Беларусь, лічыць, што падобнае тлумачэньне афіцыйнага Менску зусім не пераканала ў тым, што «там сапраўды было супрацьпраўнае выкарыстаньне інфармацыі». Справа, мяркуе яна, хутчэй у наступе на незалежную журналістыку ў інтэрнэце, дзяржава проста хоча паказаць, хто сапраўдны гаспадар у доме.

Звычайныя СМІ пад кантролем, узяліся за інтэрнэт

Паводле Забіны Адлер, прэзыдэнт Лукашэнка заўсёды трымаў мэдыя пад кантролем. Ад 2011-га падкантрольным стаў і інтэрнэт. З гэтага лета закон аб СМІ стаў яшчэ больш жорсткім. Аднак беларускі кіраўнік таксама бачыць, што цалкам ахапіць насельніцтва яму зь ягонымі дзяржаўнымі СМІ, якія складаюць вельмі вялікую частку ад усёй мэдыяпрасторы ў Беларусі, больш не ўдаецца. Пра гэта сьведчаць сацыялягічныя апытаньні зь лічбамі чытачоў, слухачоў ды гледачоў. І як супрацьвага гэтаму — незалежныя СМІ, якія проста пішуць, што адбываецца ў краіне, і гэта аўтакратычнаму лідэру не падабаецца.

Як падкрэсьлівае нямецкая журналістка, пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе з боку Менску назіраліся пэўныя высілкі, каб наблізіцца да ЭЗ. Пасьля пяцігадовага перапынку ўпершыню зноў запрацаваў Менскі форум з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці зь Беларусі, ЭЗ і ЗША. Паводле Забіны Адлер, гэта было расцэнена як сыгнал адкрытасьці краіны.

Таксама трэба ведаць, што Лукашэнка ці яго пасланцы ў ЭЗ, або ўсе яны разам, засяроджаныя на фінансавых і эканамічных перамовах з Захадам, кажа аўтар артыкулу Deutschlandfunk Забіна Адлер, адзначаючы, «што пры гэтым ніколі не ўздымаюцца пытаньні, якія тычацца правоў чалавека і свабоды СМІ».

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць​

Падчас ператрусу ў офісе БелаПАН 7 жніўня 2018 году
Падчас ператрусу ў офісе БелаПАН 7 жніўня 2018 году

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG