Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпіска на БелТА, за парушэньне правілаў якой затрымалі незалежных журналістак, каштуе 612 рублёў на месяц


Скрын фатасэрвісу БелТА

У аддзеле маркетынгу і рэклямы БелТА Свабодзе паведамілі, што падпіска на інфармацыйную стужку дзяржаўнай інфармагенцыі на месяц каштуе 612 рублёў з ПДВ.

Для таго, каб зрабіць падпіску, трэба даслаць заяўку з банкаўскімі рэквізытамі.

«Для падпісчыкаў інфармацыя паступае крыху хутчэй, яна з рубрыкатарам, больш зручная для выкарыстаньня. На сайце для падпісчыкаў інфармацыя больш паглыбленая. Паступае хвілін на 15 раней за сайт. Ёсьць яшчэ „Анонсы дня“, „Анонсы тыдня“ — кожны пакет па 27 рублёў 30 капеек, „Каляндар: даты, падзеі“ — 66 рублёў», — расказала супрацоўніца БелТА.

Як даведалася Свабода, ані Tut.by, ані БелаПАН ня маюць платнай падпіскі на БелТА.

«Мы бралі абсалютна адкрытую інфармацыю БелТА і заўжды перадавалі яе з гіперспасылкай на дзяржаўнае агенцтва ў бясплатным доступе. Таму сьцьвярджаць, што мы мелі карысьлівую выгаду, асабліва Тацяна Каравянкова, проста сьмешна», — сказала ў жывым эфіры Свабоды галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.

Зраніцы 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Ператрусы і затрыманьні ў кампаніях Tut.by і БелаПАН. Абнаўляецца

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды»). Да названай супрацьпраўнай дзейнасьці датычныя службовыя асобы выдавецкага дому «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «Тутбай Мэдыя».

Паводле Сьледчага камітэту, затрыманыя рэдактары парталу Tut.by Марына Золатава і Ганна Калтыгіна, а таксама супрацоўніца інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова. З затрыманымі няма сувязі. Дома ў іх праходзяць ператрусы.

Як стала вядома Свабодзе, супрацоўнікі праваахоўных органаў забралі на допыт таксама рэдактарак парталу Tut.by Ульляну Бабаед і Галіну Ўласік. Паводле Tut.by, магчыма, затрыманыя яшчэ некалькі чалавек — сувязь зь імі адсутнічае.

У СК растлумачылі, што падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных заказчыкаў.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА у сваіх мэтах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG