Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

абноўлена

Рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына
Рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына разам з калегамі ня можа трапіць у офіс кампаніі, дзе праходзіць ператрус. Яна кажа Свабодзе, што там знаходзяцца толькі некалькі супарцоўнікаў, якія былі на працы з раніцы.

Сутнасьць прэтэнзіяў Сьледчага камітэту аб тым, што затрыманая журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова нібыта нелегальна выкарыстоўвала інфармацыю БелТА, якая прадаецца праз падпіску, яна лічыць незразумелай і абсурднай.

«Я думаю, што тут сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах. Калі ў калег зь БелТА ўзьніклі падазрэньні, можна было вырашыць гэтае пытаньне шляхам дыялёгу, можна было б выказаць нам прэтэнзіі, як заўсёды робяць калегі ў спрэчных сытуацыях. Калі ж давялі да крымінальнай справы, то за гэтым стаіць нехта іншы, а ня БелТА», — лічыць Ірына Леўшына.

Пазьней у жывым відэаэфіры Свабоды Ірына Леўшына расказала, што затрыманая журналістка незалежнай агенцыі Тацяна Каравянкова — міжнародны аглядальнік. Гэта галоўная сфэра ейных абавязкаў. Апроч таго, яна час ад часу займаецца і іншымі тэмамі.

«Зусім незразумелыя прэтэнзіі да Тацяны і БелаПАН. Мы бралі абсалютна адкрытую інфармацыю БелТА і заўжды перадавалі яе з гіпэрспасылкай на дзяржаўнае агенцтва ў бясплатным доступе. Таму сьцьвярджаць, што мы мелі карысьлівую выгаду, асабліва Тацяна Каравянкова, проста сьмешна», — суказала Леўшына.

Паводле рэдактаркі БелаПАН, яны вымушаныя выкарыстоўваць інфармацыю БелТА, бо ня маюць доступу да дзяржаўных структур, кіраўніцтва дзяржавы.

«Гэта сьведчыць, у якіх няроўных умовах мы працуем зь дзяржаўнымі СМІ», — сказала яна.

Суседка Каравянковых у вёсцы Жодзішкі Смаргонскага раёну паведаміла Свабодзе, што а 10-й раніцы да дому маці журналісткі БелаПАН прыехалі 4-5 супрацоўнікаў Сьледчага камітэту, праводзяць ператрус. Потым чакаецца, што Тацяну Каравянкову павязуць у Менск.

Паводле Леўшынай, у рэдакцыі БелаПАН знаходзіцца адзін журналіст — дзяжурны рэдактар Андрэй Серада. «Што адбываецца ўсярэдзіне, мы ня ведаем. Са мной ніхто ня зьвязваўся, — адзначыла Леўшына. — Чаму выбар выпаў на Тацяну Каравянкову, для мяне вялікае пытаньне».

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

Ператрус у офісе БелаПАН
Ператрус у офісе БелаПАН

  • Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
  • Затрымалі прынамсі 5 журналістак гэтых выданьняў: Тацяну Каравянкову зь БелаПАН, Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Ульляну Бабаед і Галіну Ўласік з Tut.by.
  • Пазьней сталі вядомыя прозьвішчы яшчэ двух затрыманых у справе нелегальнага доступу да платнай стужкі навінаў БелТА — Дзьмітры Бобрык і Ганна Ермачонак з парталу Tut.by. Працэсуальны статус іх пакуль не вядомы.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Паводле ч. 2 арт. 349 гэта караецца штрафам, або пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю, або арыштам на тэрмін ад трох да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы стала паведамленьне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства БелТА пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступу да платнай падпіскі на паслугі, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму зь ягоных кліентаў.

  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц. Tut.by і БелаПАН яе ня мелі, бралі інфармацыю з адкрытага сайту.
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG