Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі


Дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч

Дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч у інтэрвію Свабодзе заявіла, што ня ведала, хто канкрэтна карыстаўся чужымі паролямі. Яна проста зьвярнулася ў міліцыю, каб высьветліць, чаму адбываюцца збоі ў атрыманьні інфармацыі ў падпісчыкаў. Пра гэта яна расказала Свабодзе.

— У агенцтва БелТА ёсьць падпіска на навінавую стужку, яна існуе шмат гадоў, у нас шмат падпісчыкаў. Інфармацыя па падпісцы зьяўляецца раней, чым у адкрытым доступе на сайце, і ў большым аб’ёме.

Нам прыйшла заява ад нашых падпісчыкаў пра тое, што яны сутыкаюцца са збоямі пры аўтарызацыі. Мы зьвярнуліся ў міліцыю, каб яны правялі расьсьледаваньне, чаму адбываюцца гэтыя збоі. У гэтым выпадку ёсьць тыя, хто плаціць за інфармацыю, і тыя, хто выкарыстоўвае чужыя паролі. Гаворка ідзе пра крадзеж і несанкцыянаваны доступ да платнай інфармацыі.

— А ці спрабавалі вы зьвязацца з тымі ж БелаПАН, Tut.by, высьветліць, што адбываецца, прапанаваць ім падпіску?

— Да гэтага моманту я ня ведала, пра каго ідзе гаворка. Міліцыя, якая праводзіла ў нас праверку, толькі брала ў нас логі (гісторыя наведваньня старонак у інтэрнэце) і глядзела, хто падключаецца. Так што я не магла зьвяртацца, таму што я ня ведала, пра каго ідзе гаворка. І што гэта за падключэньні.

— Але ў сацыяльных сетках цяпер зьяўляюцца допісы, што, напрыклад, БелТА дала АНТ адну пару «логін — пароль», а чацьвёра навіньнікаў карысталіся гэтай парай, і яшчэ невядома колькі супрацоўнікаў АНТ таксама з гэтым паролем карысталіся падпіскай...

— Ва ўсіх гэтых рэчах будзе разьбірацца Сьледчы камітэт, які праводзіць праверку. Гэтыя пытаньні трэба адрасаваць сьледчым.

— А ці ёсьць у вас правілы пра забарону перадачы пароляў трэцім асобам, і колькі пароляў выдаецца падпісчыку?

— Ёсьць дамова, усё прапісана ў дамове з нашымі агентамі і тымі, хто падпісаны на стужку.

— Але бываюць розныя працоўныя непаразуменьні. У Свабоды, напрыклад, ёсьць падпіска на БелаПАН, «Інтэрфакс», і калі ўзьнікалі нейкія пытаньні, прэтэнзіі — ня так спаслаліся, штосьці яшчэ — калегі зьвязваліся і вырашалі праблему мірна.

— Калі мы заўважалі такія рэчы, мы таксама тэлефанавалі калегам і казалі, што спасылкі павінны быць актыўнымі. Гаворка ў гэтым выпадку ідзе не пра тое. Гаворка ідзе, што незаконна падключаліся пад чужымі паролямі, не аплочваючы гэтую паслугу, а не пра тое, што не было спасылкі, бярэцца афіцыйная інфармацыя зь БелТА і спасылка зроблена ня так. Калі такое было, заўсёды зьвязваліся і пра гэта казалі.

— Але цяпер адбываюцца ператрусы — у офісах, кватэрах рэдактараў, нават у гаражах, канфіскуюць вінчэстэры, тэхніку...

— Мы зьвярнуліся з просьбай разабрацца, што адбываецца. У нас ёсьць людзі, якія павінны былі атрымаць паслугу, і ў іх паўсталі праблемы. Усе гэтыя пытаньні адрасуйце Сьледчаму камітэту.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG