Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Зайдэс і абаронцы Курапатаў робяць заявы. УЖЫВУЮ


Пратэст супраць рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота
Пратэст супраць рэстарацыі «Поедем поедим», архіўнае фота

Апоўдні 20 ліпеня чакаюцца заявы абодвух бакоў канфлікту вакол рэстарацыі «Поедем поедим», якая адкрылася па суседзтве зь месцам расстрэлаў ва ўрочышчы Курапаты.

Абаронцы Курапатаў адказалі на прапановы ўласьнікаў рэстарацыі «Поедем поедим»

З 12:00 да 13:00 сустрэчу з журналістамі ініцыяваў асноўны ўласьнік забаўляльнага комплексу ля Курапатаў Леанід Зайдэс. Бізнэсовец зробіць заяву для прэсы непасрэдна ў будынку рэстарацыі, пад брамай якога ад 31 траўня працягваецца пратэст, уваход ва ўстанову на гэты час будзе абмежаваны.

Зайдэс плянуе агучыць пазыцыю з нагоды апошніх падзеяў вакол «Поедем поедим» і прапанаваць кампрамісныя варыянты ўрэгуляваньня сытуацыі.

Таксама на гэты ж час у менскай сядзібе Партыі БНФ заплянаваны збор штабу байкоту. Актывісты агучаць стратэгію супраціву спробам камэрцыялізацыі мэмарыялу.

19 ліпеня былі затрыманыя Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава, якія пікетавалі менскі рэстаран «Гранд Кушавель», які таксама належыць Зайдэсу. Усе яны знаходзяцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна.

Перад прэс-канфэрэнцыяй дырэктарка рэстарацыі Сьвятлана Дубкова наладзіла экскурсію для журналістаў, удакладніўшы, што ўстанова пазыцыянуе сябе як месца для сямейнага адпачынку.

Зайдэс: Мы не зьбіраемся весьці перамовы ​з шантажыстамі

Прамаўляе Леанід Зайдэс
Прамаўляе Леанід Зайдэс

Сузаснавальнік «Поедем поедим»​ Леанід Зайдэс уклаўся з прамовай у 10 хвілін, на пытаньні не адказваў.

«Доўгі час мы разглядалі канфлікт як непаразуменьне бакоў, — пачаў ён свой выступ. — Мы трывалі і былі гатовыя сесьці за круглы стол зь людзьмі, якія пікетавалі рэстарацыю. Але стала зразумела, што вырашэньне пытаньня для пікетоўцаў няважна, ім патрэбны ўласна шум вакол Курапатаў. Са мной пачалі гаварыць на ўзроўні шантажу. А з шантажыстамі, як вядома, перамоваў не вядуць».

Ён таксама раскрытыкаваў прапанову актывістаў арганізаваць перанос рэстарацыі ў іншае месца.

«Гэта не вытрымлівае ніякай крытыкі найперш з тэхнічнага гледзішча, адзначыў ён. — Адразу бачна, што такое прапануюць дылетанты. Таму яшчэ раз паўтару: з тымі, хто кідаецца пад машыны, мы размаўляць больш не зьбіраемся. Але будзем кантактаваць з партыямі і арганізацыямі, якія гатовыя ўшаноўваць памяць ахвяраў у Кураптах».

Леанід Зайдэс, як раней і дырэктарка Сьвятлана Дубкова, падкрэсьліў, што гэта сямейная рэстарацыя, а не забаўляльны комплекс. Таму ён гарантуе, што тут ня будзе гучнай музыкі, фэстываляў, салютаў і фаервэркаў. Толькі тэлетрансьляцыі спартыўных перадачаў, дадаў бізнэсовец.

Ён нагадаў, што ў лістападзе 2012 году разам зь іншымі сузаснавальнікамі зьвярнуўся ў Міністэрства культуры з прапановай фінансаваньня распрацоўкі канцэпцыі архітэктурнага рашэньня мэмарыяльнага комплексу. Агулам — больш за 10 пунктаў. Але рэалізаваць праект так не ўдалося — «не па нашай віне», сказаў ён.

Паводле аднаго з гаспадароў рэстарацыі «Поедем поедим», ягоныя калегі гатовыя да перамоваў з «адэкватным» грамадзкімі арганізацыямі адносна стварэньня музэя і добраўпарадкаваньня тэрыторыі Курапатаў.
Таксама адзначыў, што комплекс — гэта 80 працоўных месцаў, якіх сёньня так не хапае сталіцы.

Дашкевіч: Яны панясуць пэрсанальную адказнасьць перад гісторыяй і Богам

​У той час, як Леанід Зайдэс выступаў перад журналістамі, Зьміцер Дашкевіч з паплечнікамі ўсталёўваў непадалёк крыжы, якія ўдалося вярнуць зь міліцыі.

Актывіста засмуціла нежаданьне бізнэсоўца адмовіцца ад сваёй «бруднай справы», за што, словамі Дашкевіча, ён будзе несьці «пэрсанальную адказнасьць» перад гісторыяй і Богам.

У сваю чаргу, яго не напалохала пагроза Зайдэса спыніць кантакты зь пікетоўцамі і перанесьці ўсе адносіны ў суд.

«У мяне ў любым выпадку няма жаданьня і часу хадзіць па судах, якія ў нашай краіны нічога не вырашаюць. Мы будзе рабіць сваю справу, як і рабілі дагэтуль», — падсумаваў ён.

На перакананьне Зьмітра Дашкевіча, дзяржаўныя ўстановы прадэманстравалі найвышэйшую ступень нахабства і беспрынцыповасьці, легалізаваўшы задняй датай «рэстаран на касьцях».

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG