Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянта, які бараніў Курапаты, звольнілі. Актывісты зьбіраюць грошы для ягонай сям’і


Курапаты і рэстарацыя «Поедем поедим», архіўнае фота
Курапаты і рэстарацыя «Поедем поедим», архіўнае фота

Актывісты распачалі збор сродкаў для сям’і былога назіральніка турмы на Акрэсьціна прапаршчыка Міхаіла Грамыкі, які далучыўся да вахты ў абарону Курапатаў, за што быў пакараны арыштам і звольнены.

Міхаіл Грамыка 30 чэрвеня прыйшоў на вахту ля брамы рэстарану «Поедем поедим», што працуе побач з Курапацкім мэмарыялам, нягледзячы на пратэсты.

У той жа дзень Грамыку затрымалі і асудзілі на 15 сутак за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве». На працу пасьля вызваленьня вярнуцца ня змог, бо быў звольнены. Звальненьне фармальна адбылося за ўчынак, несумяшчальны са статусам супрацоўніка праваахоўных органаў.

Як паведаміў Свабодзе апазыцыйны лідэр Павал Севярынец, актывісты курапацкай вахты пачалі збор сродкаў для сям’і звольненага міліцыянта і шукаюць варыянты ягонага працаўладкаваньня.

Сьвядомы дэмарш міліцыянта

Міхаілу Грамыку 44 гады, родам ён з аддаленай палескай вёскі. Разьлічваў неўзабаве пайсьці на міліцэйскую пэнсію, аднак у сувязі зь нядаўняй рэформай тэрміны выслугі былі адсунутыя на тры гады — да 48 з ранейшых 45 гадоў. Актывісты, якім удалося паразмаўляць зь ім, кажуць, што ён сьвядома пайшоў на «дэмарш», разумеючы, чым гэта можа скончыцца.

Былога міліцыянта павінны былі вызваліць 15 ліпеня, аднак, каб не дапусьціць ягонай сустрэчы з актывістамі ля брамы турмы на Акрэсьціна, вызвалілі раней, позна ўвечары 14-га.

З самім Грамыкам пагутарыць пакуль не ўдалося, сям’я вырашыла пазьбягаць кантактаў з прэсай.

Са слоў актывіста Андрэя Рогава, які кантактуе з жонкай Грамыкі, да такой сытуацыі сям’я Міхаіла была маральна падрыхтаваныя — ён даўно выказваў незадаволенасьць тым, што яму даводзілася рабіць на службе. Паход у Курапаты быў ягоным самастойным рашэньнем.

У менскай міліцыі ўчынак, арышт і звальненьне Міхаіла Грамыкі не камэнтуюць, там толькі заявілі Свабодзе, што калі нейкая інфармацыя будзе, то яна зьявіцца на сайце ГУУС Менгарвыканкаму, але нічога там няма. Дзяжурныя турмы на Акрэсьціна адмаўляліся даваць зьвесткі, ці ёсьць у іх такі асуджаны наогул.

Сябра палітзьняволеных у турме на Акрэсьціна

За шмат гадоў працы турэмным наглядчыкам Грамыка пазнаёміўся шмат зь якімі палітычнымі вязьнямі, якія прайшлі праз турму на Акрэсьціна, у тым ліку Леанідам Кулаковым, Зьмітром Дашкевічам, Паўлам Севярынцам ды іншымі. Паводле Вольгі Мікалайчык, знаёмства з апошнім найбольш паўплывала на рашэньне прыйсьці ў Курапаты.

Паводле Севярынца, тое, што Грамыка пару гадоў не дацягнуў, каб пайсьці на міліцэйскую пэнсію, сьведчыць пра канфлікт паміж сумленьнем і неабходнасьцю выконваць загады.

«Добры і спагадлівы чалавек, адзін зь нямногіх, хто ў той сыстэме па-людзку ставіцца да зьняволеных, — адзначаў Свабодзе Павал Севярынец. — Казаў, што стаміўся працаваць на сыстэму, таму і адважыўся на такі ўчынак».

Міхаіл Грамыка яшчэ на пачатку 2017 году падтрымаў актывістаў, якія супрацьстаялі ўзьвядзеньню камэрцыйнага цэнтру побач з ахоўнай зонай Курапатаў. Як прыгадаў актывіст Зьміцер Дашкевіч, падчас ягонага знаходжаньня ў турме на Акрэсьціна ў 2017-м Міхаіл Грамыка ўначы прыйшоў да яго і падзякаваў за годную справу.

«У сэнсе сумленьня ў чалавека ўсё нармальна, — падкрэсьлівае Зьміцер Дашкевіч. — Калі я потым напісаў пра гэта ў Facebook і падхапілі СМІ, была ведамасная праверка — шукалі, хто з супрацоўнікаў ляяльны да апазыцыі».

Актывіст абароны Курапатаў Леанід Кулакоў, які не адзін раз быў у турме на Акрэсьціна, таксама дабром згадвае Грамыку — падчас ягонай «адседкі» наглядчык прыносіў яму цыгарэты.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG