Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнік рэстарану ў Курапатах абяцае прапанаваць «кампрамісныя варыянты»


На акцыі пратэсту супраць рэстарану ў Курапатах, 29 чэрвеня 2018

Бізнэсовец Леанід Зайдэс, асноўны ўласьнік забаўляльнага комплексу з рэстаранам «Поедем паедим» у Курапатах, — месцы масавага расстрэлу ў часы сталінскіх рэпрэсій, — мае 20 ліпеня зрабіць афіцыйную заяву для прэсы.

Зайдэс запрасіў журналістаў на сустрэчу, на якой мае быць агучана «пазыцыя ўладальнікаў рэстарану з нагоды апошніх падзей вакол "Поедем паедим", таксама будуць прапанаваныя кампрамісныя варыянты ўрэгуляваньня сытуацыі».

Сустрэча з журналістам мае адбыцца з 12.00 да 13.00, уваход у рэстаран будзе абмежаваны.

Грамадзкія пратэсты супраць працы забаўляльнага комплексу ў Курапатах, месцы масавага расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій, праходзяць з 31 траўня.

19 ліпеня былі затрыманыя актывісты​ Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава, якія зьбіраліся пікетаваць рэстаран «Гранд Кушавель»​ у Менску, які таксама належыць Зайдэсу. Пазьней стала вядома, што затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Як паведаміў Радыё Свабода Павел Севярынец, у ізалятары пацьвярджаюць знаходжаньне там абаронцаў Курапатаў, але ня кажуць, на колькі сутак хто зь іх асуджаны і дзе над імі адбыўся суд.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG