Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчкі пра грошы, адзінства і тэрарызм. Што абмяркуюць на саміце NATO


У Брусэлі 11 ліпеня пачынаецца двухдзённы саміт NATO. Ён адбудзецца на тле спрэчак аб недастатковым фінансаваньні з боку Эўропы, бязьдзеяньні ў дачыненьні Расеі і Ірану, неабходнасьці мадэрнізацыі альянсу, піша «Настоящее время».

Расейскае пытаньне

Адным з прыярытэтаў NATO на гэтым саміце стане ўразьлівасьць на мяжы альянсу з Расеяй. Напярэдадні па выніках штабных вучэньняў у Пэнтагоне заявілі, што ў выпадку гіпатэтычнага ўварваньня Расеі ў краіны Балтыі вайскоўцы NATO не пасьпеюць спыніць варожыя войскі. Аналітыкі таксама лічаць, што расейская армія ведае інфраструктуру ўсходнееўрапейскіх краінаў лепш за вайскоўцаў альянсу.

Патэнцыйным цэнтрам такога ўварваньня называюць паласу ў 65 км на мяжы Польшчы і Літвы, паміж Калінінградзкай вобласьцю і Беларусьсю. Нядаўняе расьсьледаваньне Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў паказвае, што Расея, верагодна, адрэстаўравала склад ядзернай зброі пад Калінінградам – пры першай неабходнасьці туды могуць перакінуць боегалоўкі з цэнтральнай Расеі.

Кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў NATO таксама абмяркуюць калектыўны адказ на дзеяньні Расеі ў Сырыі, Данбасе і Грузіі, кібэратакі і атручэньні ў брытанскім Солсбэры.

Грошы

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп ня раз заяўляў, што ЗША трацяць на NATO больш грошай, чым сумарна астатнія краіны альянсу, а 23 з 28 краінаў NATO ня цалкам выконваюць фінансавыя абавязкі перад саюзьнікамі.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг напярэдадні саміту заявіў, што траты альянсу падвысяцца: восем краінаў альянсу падвысяць адлічэньні на абарону да 2% ВУП, а Эўразьвяз і Канада дададуць 266 млрд даляраў выдаткаў на абарону да 2024 году.

Вайна з тэрарызмам

Сябры NATO паспрабуюць узгадніць плян дзеяньняў адносна міжнароднай кааліцыі супраць тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі і Іраку. Альянс ужо даваў фінансавую дапамогу кааліцыі ў мінулым годзе, сёлета плянуе пашырыць праграму па трэніроўках і супрацы зь мясцовымі вайскоўцамі.

NATO плянуе адкрыць вайсковыя школы ў Іраку і дамовіцца аб новых шляхах падтрымкі вайсковай апэрацыі ў Афганістане.

Прэтэндэнты на далучэньне да NATO

Да альянсу можа далучыцца Македонія – як толькі зьменіць назву на «Рэспубліка Паўночная Македонія», да далучэньня заклікае само NATO.

Украіну пакуль не гатовыя прыняць праз структурныя праблемы і праблемы тэрытарыяльнай цэласнасьці, недастаткова рэфармаванае войска.

На саміце будзе і прэзыдэнт Грузіі, якая даўно прэтэндуе на далучэньне, удзельнічае ў партнэрскіх праграмах і выконвае тэхнічныя і фінансавыя патрабаваньні, ды мае праблемы з тэрытарыяльнай цэласнасьцю: пасьля расейска-грузінскай вайны Расея прызнала незалежнымі дзяржавамі грузінскія рэгіёны Абхазію і Паўднёвую Асэтыю.

Босьнія і Герцагавіна ня першы год прэтэндуе на далучэньне, але мае ўнутраную праблему: самаабвешчаная Рэспубліка Сэрбская ў складзе дзяржавы не дае ўраду нацыяналізаваць частку вайсковай маёмасьці, застаюцца незарэгістраваныя вайсковыя аб’екты і склады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG