Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў з крытыкай саюзьнікаў па NATO напярэдадні саміту


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт зноў асудзіў іх за недастатковы ўнёсак у фінансаваньне альянсу.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зноў раскрытыкаваў саюзьнікаў па NATO напярэдадні саміту альянсу ў Бэльгіі, які ён наведае на гэтым тыдні, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Злучаныя Штаты трацяць на NATO нашмат больш, чым любая іншая краіна. Гэта несумленна і непрымальна», — напісаў Трамп у панядзелак у «Твітэры».

«І хоць гэтыя краіны пачалі павялічваць свой унёсак з тых часоў, як я заняў пасаду, яны павінны зрабіць нашмат больш», — дадаў ён.

Трамп рэзка крытыкаваў NATO яшчэ з тых часоў, як пачаў сваю перадвыбарчую кампанію. Калі стаў прэзыдэнтам у 2017 годзе, ён пацьвердзіў прыхільнасьць ЗША абароне саюзьнікаў па альянсе, але працягнуў крытыкаваць сыстэму фінансаваньня NATO, настойваючы, што на ЗША падае занадта вялікі фінансавы цяжар.

На перадвыбарчым мерапрыемстве ў Мантане на мінулым тыдні Трамп абяцаў «сказаць NATO»: «Вы павінны пачаць плаціць па рахунках». Прэзыдэнт дадаў, што амэрыканцы апынуліся ў ролі «дурняў», якія «плацілі за ўсё».

Паводле дадзеных NATO, у 2017 годзе ЗША ўзялі на сябе каля 70 адсоткаў выдаткаў альянсу. 29 сябраў NATO робяць унёсак у фінансаваньне альянсу прапарцыйна памерам сваёй эканомікі. У 2006 годзе краіны-сябры паабяцалі да 2024 году вылучаць па 2 адсоткі свайго ВУП на абарону, аднак, паводле ацэнак NATO, ня ўсе дасягнулі гэтага мэтавага паказьніка.

Саміт NATO, які мае адбыцца 11-12 ліпеня, — першы буйны саміт пасьля сустрэчы «Вялікай сямёркі» (G7) у Канадзе ў мінулым месяцы. Па завяршэньні саміту ў Канадзе Трамп перадумаў падпісваць выніковую заяву краінаў G7 і раскрытыкаваў прэм’ер-міністра Канады Джастына Трудо, назваўшы яго «вельмі несумленным і слабым».

Пасьля саміту NATO ў Брусэлі Трамп накіруецца ў Вялікую Брытанію, дзе сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Тэрэзай Мэй і каралевай Лізаветай II, а 16 ліпеня правядзе сустрэчу з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у Хэльсынкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG