Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск — Трампу: Шаноўная Амэрыка, цані сваіх саюзьнікаў, іх у цябе ня так і шмат


Дональд Туск падчас выступу з нагоды падпісаньня пагадненьня аб супрацоўніцтве ЭЗ і NATO, Брусэль 10 ліпеня 2018
Дональд Туск падчас выступу з нагоды падпісаньня пагадненьня аб супрацоўніцтве ЭЗ і NATO, Брусэль 10 ліпеня 2018

Прэзыдэнт Эўразьвязу Дональд Туск рэзка адказаў на крытыку на адрас абароннай палітыкі краінаў NATO з боку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

«Я хацеў бы зьвярнуцца наўпрост да прэзыдэнта Трампа, які на працягу доўгага часу крытыкуе Эўропу амаль штодня», — сказаў Туск напярэдадні саміту NATO, які пазьней сёньня пачынаецца ў Брусэлі.

«ЗША ня маюць і ня будуць мець лепшага саюзьніка, чым Эўразьвяз. Мы выдаткоўваем на абарону значна больш, чым Расея, і столькі ж, колькі Кітай. Вы можаце не сумнявацца ў тым, што гэта ўкладаньні ў агульную амэрыканскую і эўрапейскую абарону, чаго нельга сказаць пра расейскія ці кітайскія вайсковыя выдаткі. Шаноўная Амэрыка, цані сваіх саюзьнікаў, іх у цябе ня так і шмат», — заявіў прэзыдэнт Эўразьвязу.

Туск зрабіў гэтыя заявы падчас цырымоніі падпісаньня новага пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж Эўразьвязам і Паўночнаатлянтычным альянсам.

Ён нагадаў, што эўрапейскія войскі ваявалі разам з амэрыканцамі ў Аўганістане пасьля нападу на ЗША 11 верасьня 2001 году.

Зьвяртаючыся да Трампа, Туск сказаў: «Калі ласка, памятайце пра гэта заўтра, калі мы сустрэнемся на саміце NATO, але асабліва памятайце пра гэта, калі Вы сустрэнецеся з прэзыдэнтам Пуціным ў Хэльсынкі. Заўсёды варта ведаць, хто ваш стратэгічны сябар і хто ваша стратэгічная праблема».

Абяцаньне прымусіць краіны NATO павялічыць выдаткі на абарону было адным з ключавых у перадвыбарчай праграме Трампа. Ён рэгулярна выказваўся на гэтую тэму, крытыкуючы краіны Эўропы за нізкія вайсковыя выдаткі.

Сёньня перад вылетам на саміт NATO ў Брусэль Трамп напісаў, што ЗША выдаткоўвае на абарону чальцоў альянсу ў разы больш сродкаў, чым любая зь іншых краін. «Гэта несправядліва для падаткаплатнікаў ЗША», — напісаў Трамп ў сваім Twitter перад вылетам у Эўропу.

У наступным твіце Трамп адзначыў: «Краіны NATO павінны плаціць больш, Злучаныя Штаты павінны плаціць менш. Вельмі несправядліва! Больш за тое, мы страчваем $151 млрд у гандлі з Эўразьвязам. Абкладаюць нас вялікімі тарыфамі (а яшчэ бар’еры)!» — напісаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG