Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нататкі зь «Менскага дыялёгу». «Ёсьць вялікая розьніца паміж Лукашэнкам 1996 году і цяперашнім»


Аляксандар Лукашэнка на форуме «Менскі дыялёг»
Аляксандар Лукашэнка на форуме «Менскі дыялёг»

Беларускія ўлады ўскладалі на форум «Менскі дыялёг» вялікія спадзяваньні ў пляне паляпшэньня іміджу і піяру замежнай палітыкі краіны. Што атрымалася?

Форум «Менскі дыялёг» — самая маштабная ў сучаснай Беларусі міжнародная канфэрэнцыя і па колькасьці ўдзельнікаў, і па якасьці, узроўню экспэртаў. Нешта падобнае было толькі на пачатку 1990-х гадоў. Тады, у 1993–1994 гг., Нацыянальны цэнтар стратэгічных ініцыятыў «Усход — Захад», які ўзначальваў Анатоль Майсеня, таксама зьбіраў падобныя вялікія форумы, на іх выступалі старшыня Вярхоўнага Савету, міністар замежных спраў. З тых часоў шмат вады сплыло, краіна ператварылася ў «апошнюю дыктатуру Эўропы», надоўга апынулася ў міжнароднай ізаляцыі.

І вось зноў у Менску буйны форум. Вялізная колькасьць замежных экспэртаў, былых міністраў, дзейных дыпляматаў. Удзельнікаў мерапрыемства асабіста віталі кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Галоўным арганізатарам форуму была грамадзкая арганізацыя «Менскі дыялёг» на чале зь Яўгенам Прэйгерманам. Партнэры — 17 заходніх фондаў, беларускіх структур. Усё адбывалася пры актыўнай падтрымцы МЗС Беларусі.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман

Афіцыйныя ўлады надавалі форуму важнае значэньне. Не на любую канфэрэнцыю прыходзіць сам Лукашэнка. Задума была ў тым, каб з дапамогай замежных экспэртаў, якія ўплываюць ня толькі на грамадзкую думку сваіх краін, але і на прыняцьце палітычных рашэньняў, зрабіць моцны піяр вонкавай палітыцы Беларусі, замацаваць той новы вобраз, які пачаў стварацца пасьля 2014 году. Высілкамі дзяржаўных мэдыяў форум стаў галоўнай палітычнай падзеяй тыдня ў краіне.

У гэтым сэнсе цэнтральнай падзеяй форуму павінен быў стаць выступ Лукашэнкі. Мае размовы з удзельнікамі, замежнымі дыпляматамі сьведчаць пра тое, што з гэтай нагоды былі вялікія чаканьні. Думалася, што кіраўнік Беларусі, прыйшоўшы на сустрэчу з такой дасьведчанай аўдыторыяй, скарыстаецца сытуацыяй напоўніцу, не абмяжуецца дзяжурным вітаньнем. Тым больш што ён любіць выступаць з гучнымі заявамі. Чакалі, што ён разгорне, прапануе разьвіцьцё вядомага канцэпту краіны-міратворцы, донара рэгіянальнай бясьпекі, Менску як «Хэльсынкі-2».

Але нічога гэтага ня здарылася. Выступ аказаўся малазьмястоўны. Лукашэнка абмежаваўся тым, што банальна заклікаў усе бакі канфлікту да міру, да вырашэньня ўсіх супярэчнасьцяў з дапамогай перамоваў. Маўляў, давайце жыць дружна, мы за мір ва ўсім сьвеце, за ўсё добрае супраць усяго дрэннага. Нават калі б кіраўнік Беларусі проста паўтарыў асноўныя тэзісы канцэпту «Менск — Хэльсынкі-2», зь якімі ён выступіў год таму на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, эфэкт быў бы значна большы.

Некаторыя дыпляматы не хавалі свайго расчараваньня. Журналістам і экспэртам не было нават за што зачапіцца.

Цяпер — што тычыцца самога форуму. Ён насіў назву «Ўсходняя Эўропа: у пошуках бясьпекі для ўсіх». Галоўным матывам выступаў была ідэя: старая сыстэма бясьпекі ў сьвеце і нашым рэгіёне разбураная, новая ня створаная, правілаў няма; таму дзейнічае лёгіка: хто моцны, таго і праўда. Прычым было заўважана, што ЗША пры адміністрацыі Дональда Трампа зьнізілі цікавасьць да Ўсходняй Эўропы. І выходзіць, што галоўны парушальнік спакою ў рэгіёне — Расея.

Як звычайна, вострыя спрэчкі былі паміж расейскімі і ўкраінскімі экспэртамі. Але сышліся на тым, што пакуль ва Ўкраіне ня пройдуць прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары (2019 г.), ня варта чакаць нейкіх рашэньняў, якія прывядуць да палітычнага ўрэгуляваньня на Данбасе.

Калі ў аднаго расейскага экспэрта спыталі, якія рэальныя замежнапалітычныя задачы ставіць Расея адносна Ўсходняй Эўропы, той адказаў: не дапусьціць росту ўплыву Захаду ў рэгіёне. І гэта наўпрост тычыцца Беларусі. Бо сам ход працэсу нармалізацыі адносін афіцыйнага Менску з ЭЗ аб’ектыўна можа весьці да росту эўрапейскага ўплыву на беларускае грамадзтва. Ва ўсялякім разе, так гэта будзе бачыцца з Масквы. Што тоіць у сабе новы этап суперніцтва за Беларусь паміж геапалітычнымі цэнтрамі.

І яшчэ пра Беларусь. На сэкцыі па беларускай замежнай палітыцы, дзе шмат казалі пра актыўную гульню афіцыйнага Менску на заходнім кірунку, прагучала пытаньне: а як жа знакамітая фраза Аляксандра Лукашэнкі, што «я сваю дзяржаву за цывілізаваным сьветам не павяду»? Адказ сьпікера быў такі: ёсьць вялікая розьніца паміж Лукашэнкам 1996 году, калі прагучалі гэтыя словы, і Лукашэнкам сёньняшнім. Усё цячэ, усё мяняецца?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ пра «Менскі дыялёг»:

«Хто з вас зьбіраецца заўтра паміраць? Ніхто! Нават я» — Лукашэнка да ўдзельнікаў «Менскага дыялёгу»

Лукашэнка: «Мы не з Расеяй супраць Эўропы»

«Беларусь робіцца вузлом рэгіянальнай бясьпекі» — генэральны сакратар АБСЭ

Паўтысячы ўдзельнікаў і Аляксандар Лукашэнка. Як працуе «Менскі дыялёг»

Міністар Макей распавёў, чаму Менск — «якасна новая» пляцоўка для дыялёгу

У сталіцы пачаўся Міжнародны форум «Менскі дыялёг». Фотарэпартаж

Топ-10 выказваньняў першага дня «Менскага дыялёгу»

Пяць пытаньняў і адказаў пра «Менскі дыялёг», на якім мае выступіць Лукашэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG