Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Макей распавёў, чаму Менск — «якасна новая» пляцоўка для дыялёгу


Уладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг», 17 траўня
Уладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг», 17 траўня

Адкрываючы міжнародны форум «Менскі дыялёг», міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што Беларусь «кожным нэрвам адчувае напал сёньняшняга супрацьстаяньня паміж краінамі».

«Гэта аказвае вельмі нэгатыўнае ўзьдзеяньне па ўсіх аспэктах нашага жыцьця — палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага. Таму ўсім нам патрэбны адказ, як зрабіць, каб становішча дзяржаў паміж цэнтрамі сілы стала не праклёнам лёсу, а фактарам разьвіцьця, супрацоўніцтва і росквіту», — адзначыў міністар.

Пра пачатак маштабнага дыялёгу

Паводле Ўладзімера Макея, форум закліканы пакласьці пачатак адкрытаму і маштабнаму дыялёгу паміж вядучымі экспэртамі з ЗША, Эўразьвязу, Усходняй Эўропы, Кітая. Менск стварае якасна новую пляцоўку для дыскусій аб сучаснасьці і будучыні рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі, сьцьвярджае ён.

Як сказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства, Беларусь мае «кроўную зацікаўленасьць» у мірным вырашэньні любых канфліктаў. Такі падыход ёсьць вынікам пакутаў і незьлічоных стратаў ад войнаў, «каток» якіх праходзіў па беларускай тэрыторыі на працягу стагодзьдзяў.

«Празь 70 гадоў пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны нам і ў страшным сне не магло прысьніцца, што дзесьці зусім побач з намі зноў будуць весьціся маштабныя баявыя дзеяньні, зноў будуць гінуць мірныя людзі. Таму ў Беларусі не было ваганьняў, як сябе паводзіць у гэтай сытуацыі. Наша пазыцыя і абумовіла выбар Менска як найбольш прымальным месцам для вядзеньня перамоваў па ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне. Менскія пагадненьні да гэтага часу застаюцца адзінай рэальнай асновай урэгуляваньня канфлікту», — заявіў Уладзімер Макей.

Пра ангажаваныя трыбуны ААН

Чыноўніка непакоіць, што важныя пляцоўкі, закліканыя на пошук шляхоў дасягненьня міру і спакою для ўсіх краін і народаў, паступова ператвараюцца ў ангажаваныя абвінаваўчыя трыбуны. Па яго словах, гэта тычыцца перадусім паседжаньняў Рады бясьпекі ААН і Пастаяннай рады АБСЭ.

«З абвінаваўчых трыбунаў чуюцца толькі словы нянавісьці і пагрозы. Класычнымі прычынамі абвастрэньня міжнародных адносін становяцца эканамічнае суперніцтва і гандлёвыя канфлікты, прыклады перад нашымі вачыма. Менавіта таму Беларусь застаеццам актыўнай прыхільніцай дыялёгу паміж эўразійскім і эўрапейскім інтэграцыйнымі працэсамі як спосабам умацавання даверу і выключэньня барацьбы за сфэры ўплыву».

Пра адмену заходніх санкцый

Уладзімер Макей выказаў спадзяваньне што ўжо ў агляднай будучыні будуць цалкам адмененыя заходнія санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.

«Рухаючыся крок за крокам, мы вырашым усе пытаньні, зьвязаныя з адменай санкцый. Засталося некалькі абмежаальных мераў, якія дзейнічаюць у адносінах да Беларусі. Але вынікі нашага ўзаемадзеяньня з эўрапейскімі, амэрыканскімі партнэрамі пацьвярджаюць, што сёньня мы знаходзімся ў сытуацыі, калі ўсе бакі імкнуцца да паступовага пашырэньня пазытыўнай атмасфэры», — падсумаваў міністар.

Пра «Хэльсынкі-2 у Менску»

Ініцыятывы Беларусі пра неабходнасьць пачатку новага міжнароднага дыялёгу ў пытаньнях бясьпекі накіраваныя на пошук шляхоў пераадоленьня глябальнага крызісу, зазначыў Уладзімер Макей.

«Нягледзячы на дасягненьні Хэльсынскага працэсу, мы так і не змаглі прыйсьці да адзінай і непадзельнай сыстэмы бясьпекі на нашым кантынэнце, — сказаў Макей. — У гэтым адна з ключавых прычын цяперашняй сытуацыі ў Эўропе і ў цэлым у сьвеце. Сучасная архітэктура бясьпекі перажывае глыбокі крызіс. Да гэтага часу актуальнае пытаньне, як пераадолець гэты крызіс і як на аснове Хэльсынскіх прынцыпаў знайсьці новыя падыходы з улікам сучасных рэалій. На гэтым складаным шляху важныя нават няўдачы, каб, улічыўшы іх, распачаць новую спробу».

Як нагадаў Макей, існуе шырокі спэктар экспэртных меркаваньняў адносна реалізацыі ідэі маштабнага дыялёгу. Тым ня меней, падсумаваў ён, усьведамленьне неабходнасьці выйсьця з існуючага тупіка знаходзіць усё большае разуменьне.

У «Менскім дыялёгу» бяруць удзел блізу паўтысячы экспэртаў і афіцыйных асобаў больш чым з 40 краін сьвету. 24 траўня заплянаваны выступ Аляксандра Лукашэнкі.

Пяць пытаньняў і адказаў пра «Менскі дыялёг», на якім мае выступіць Лукашэнка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG