Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь робіцца вузлом рэгіянальнай бясьпекі» — генэральны сакратар АБСЭ 


Томас Грэмінгер і Аляксандар Лукашэнка на «Менскім дыялёгу»

Томас Грэмінгер, генэральны сакратар АБСЭ, выступіў у Менску ў рамках форума «Менскі дыялёг» у адной дыскусыйнай панэлі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Грэмінгер закліў усе краіны далучыцца да дыялёгу ў мэтах міру і паабяцаў усялякую падтрымку АБСЭ ў гэтым працэсе.

«Мы бачым пэрспэктыву ў нефармальных дыялёгах, бо пляцоўкі для фармальных дыялёгаў ужо сталі неэфектыўнымі», — сказаў Томас Грэмінгер.

Томас Грэмінгер
Томас Грэмінгер

Сярод пытаньняў, якія патрабуюць асаблівай увагі, Грэмінгер адзначыў папярэджаньне вайсковых канфліктаў, каб яны не выходзілі за межы тэрыторый.

У сваім выступе ён згадаў Украіну і Прыднястроўе, дзеля вырашэньня праблемаў якіх патрэбнае канструктыўнае ўзаемадзеяньне.

«Нам патрэбны палітычны імпульс, каб Менскія пагадненьні пачалі працаваць, — адзначыў Грэмінгер. — На маю думку, гэта магчыма. У межах „нармандзкай чацьвёркі“ можна зрушыць гэты рух у патрэбным накірунку».

Прамоўцы менскага форуму
Прамоўцы менскага форуму

Прыканцы свайго выступу Томас Грэмінгер падзякаваў Беларусі і Аляксандру Лукашэнку за правядзеньне форуму і падтрымку ініцыятываў АБСЭ.

Перад пачаткам сэсіі Томас Грэмінгер паведаміў журналістам, што вітае намаганьні Беларусі ў прадстаўленьні пляцоўкі для перамоваў у Менскім фармаце — для дасягненьня дамоўленасьцяў па вырашэньні канфлікту ва Ўкраіне.

Адказваючы на пытаньне, ці можа фармат Менскага працэсу вырасьці ў пляцоўку для фармаваньня рэгіянальнай бясьпекі ў Эўропе, Грэмінгер назаў гэта «выдатнай ідэяй».

Томас Грэмінгер
Томас Грэмінгер

«Мы мусім яшчэ раз пацьвердзіць сваю адданасьць прынцыпам Хэльсынкі, нам трэба вярнуцца да правілаў карпаратыўнай бясьпекі. Калі гэты працэс дапамагае нам, гэта будзе фантастычна, на маю думку», — адзначыў ён.

У той жа час эўрапейскі палітык акцэнтаваў, што «нам не патрэбныя новыя стандарты, прынцыпы і абавязальніцтвы». Трэба проста паўтарыць сваю адданасьць ім і разьвіць супольнае разуменьне таго, што маецца на ўвазе пад імі.

«Я веру, што ў гэтага працэсу ёсьць патэнцыял, каб дасягнуць такой мэты», — падсумаваў Томас Грэмінгер.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG