Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь дапаможа зразумець, як думае Расея», — праграмны дырэктар фонду Адэнаўэра


Доктар Вольфганг Зэндэр — дырэктар нямецкага аналітычнага фонду па Беларусі
Доктар Вольфганг Зэндэр — дырэктар нямецкага аналітычнага фонду па Беларусі

Разам зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і заснавальнікам экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўгенам Прэйгерманам ён адкрываў аднайменны форум у Менску, галоўнай тэмай якога сёлета стала бясьпека ва Ўсходняй Эўропе.

Фонд Конрада Адэнаўэра — генэральны партнэр «Менскага дыялёгу». У перапынку паміж паседжаньнямі Вольфганг Зэндэр адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

«Пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі з дыскусіі ня выключаныя»

— Яшчэ некалькі гадоў таму замежныя экспэрты асьцерагаліся прыяжджаць у Беларусь. Былі асобы, як, напрыклад, доктар Дэйвід Марплз, якім уезд у Беларусь быў забаронены афіцыйна. На гэтым форуме абмяркоўваюцца пытаньні бясьпекі, а ў Беларусі як вы адчуваеце сябе?

— У поўнай бясьпецы. Гэта адкрытая прастора, і вы гэта бачыце сёньня па дыскусіі. Няма аніякіх абмежаваньняў, кожны сьпікер сам вырашае, пра што яму казаць. Уся гэтая канцэпцыя была распрацаваная ініцыятывай «Менскі дыялёг». Таму мне тут добра, я не пачуваюся абмежаваным аніякім чынам, я ў бясьпецы і думаю, што так сама пачуваецца большасьць удзельнікаў.

Цяпер мы відавочна сканцэнтраваныя на пытаньнях бясьпекі і замежнай палітыкі. У маім разуменьні гэта натуральны элемэнт агульнай карціны. Я ў Беларусі адчуваю сябе як дома. Тут ёсьць адкрытасьць для дыскусіі, гучаць крытычныя заўвагі. Пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі з дыскусіі не выключаныя. Але абмяркоўваецца ўвесь спэктар пытаньняў, бо мы ня можам казаць пра замежную палітыку, абмяркоўваючы толькі пэўныя аспэкты.

Доктар Вольфганг Зэндэр (зьлева) і Уладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг»
Доктар Вольфганг Зэндэр (зьлева) і Уладзімер Макей на форуме «Менскі дыялёг»

— Як пашырылася супрацоўніцтва Фонду зь беларускімі палітыкамі, грамадзянскай супольнасьцю за апошнія гады?

— У нас няма супрацоўніцтва зь беларускімі палітыкамі. У іншых краінах мы супрацоўнічаем з уладамі, там мы можам кантактаваць з прэм’ер-міністрам, прэзыдэнтам. Але не ў Беларусі, дзе мы супрацоўнічаем з грамадзянскай супольнасьцю. Напрыклад, гэта ініцыятыва «Менскі дыялёг», разьвіцьцю якой мы рады дапамагчы як адзін з партнэраў.

Мы дадалі да сфэраў нашага супрацоўніцтва пытаньні бясьпекі і замежнай палітыкі — гэта, на маю думку, перавага для Эўразьвязу і Нямеччыны.

«Беларускія ўлады змаглі захаваць Беларусь як сувэрэнную незалежную дзяржаву»

— Што Беларусь можа прапанаваць дзеля паляпшэньня бясьпекі ў Эўропе, апроч уласна месца для перамоваў?

— Прапанова даць месца для перамоваў — гэта ўжо добры крок. Яшчэ Беларусь можа прапанаваць разуменьне таго, як думае Расея, што ёю кіруе, якія ў яе ідэі. Гэта бярэ пачатак у мове, ідзе скрозь доўгую сумесную гісторыю, гісторыю добрых стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй. І яна можа заняць пэўную пазыцыю мэдыятара для абодвух бакоў. Ці зможа Беларусь адыгрываць гэтую ролю і як, трэба паглядзець. Але мы можам дапамагчы ў ініцыяцыі гэтага працэсу, прапанаваць тыя магчымасьці, якія ў нас ёсьць. І мы гэта робім.

Доктар Вольфганг Зэндэр на форуме «Менскі дыялёг»
Доктар Вольфганг Зэндэр на форуме «Менскі дыялёг»

Паглядзім па гэтай канфэрэнцыі, якія будуць вынікі. Магчыма, будуць і далей канфэрэнцыі, але гэта толькі адзін з элемэнтаў таго, што нам цяпер патрэбна. А нам патрэбныя сур’ёзныя дасьледаваньні, працоўныя групы, праграмы абмену. Зь беларускага боку я бачу адкрытасьць да гэтага. А Эўрапейскі зьвяз дакладна да гэтага адкрыты.

У нас выразны недахоп экспэртызы па Расеі ў Нямеччыне і ў Эўразьвязе. І чаму б нам не выкарыстоўваць Беларусь? Беларускія ўлады змаглі захаваць Беларусь як сувэрэнную незалежную дзяржаву. Так, у саюзе з Расеяй, але незалежную. Таму гэта добрая магчымасьць паспрыяць кантактам. Напрыклад, на маёй панэлі былі ўдзельнікі з Эўразьвязу, Расеі, ад беларускіх уладаў.

Гэта толькі пачатак, у нас ня так шмат часу, але я бачу шмат магчымасьцяў.

Яшчэ пра «Менскі дыялёг»:

«Хто з вас зьбіраецца заўтра паміраць? Ніхто! Нават я» — Лукашэнка да ўдзельнікаў «Менскага дыялёгу»

Лукашэнка: «Мы не з Расеяй супраць Эўропы»

«Беларусь робіцца вузлом рэгіянальнай бясьпекі» — генэральны сакратар АБСЭ

Паўтысячы ўдзельнікаў і Аляксандар Лукашэнка. Як працуе «Менскі дыялёг»

Міністар Макей распавёў, чаму Менск — «якасна новая» пляцоўка для дыялёгу

У сталіцы пачаўся Міжнародны форум «Менскі дыялёг». Фотарэпартаж

Топ-10 выказваньняў першага дня «Менскага дыялёгу»

Пяць пытаньняў і адказаў пра «Менскі дыялёг», на якім мае выступіць Лукашэнка

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG