Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час, калі беларуская апазыцыя мела манаполію на сувязі з Захадам, прайшоў, — палітоляг


Балаш Ярабік (Balázs Jarábik)
Балаш Ярабік (Balázs Jarábik)

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — Балаш Ярабік, палітоляг, экспэрт Фонду Карнэгі. Ён адказвае на пытаньне, ці паверыць Захад Лукашэнку, які заяўляе «мы ня з Захадам супраць Расеі, мы не з Расеяй супраць Эўропы», заяўляе, што ўнутраныя перамены ў Беларусі — у інтарэсах самой улады, і тлумачыць, чаму і як беларуская апазыцыя страціла манаполію на сувязі з Захадам.

Менскі форум паказаў, што ніякага даверу паміж Расеяй і Захадам няма

— Падзяліцеся спачатку сваімі ўражаньнямі ад выступу на форуме Аляксандра Лукашэнкі. Што вам падалося самым важным, што б вы палічылі неабходным адзначыць?

— Я думаю, гэта вельмі важна, што прэзыдэнт Лукашэнка першы раз, калі не памыляюся, выступіў на такой канфэрэнцыі. Гэта будзе паказана па дзяржаўнай тэлевізіі, і гэта вельмі важны чыньнік. Гэта пэўны доказ таго, што адносіны паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю пачынаюць мяняцца. Я думаю, гэта вельмі важны мэсыдж.

Зь іншага боку, было відаць, асабліва ў той сэкцыі, дзе выступаў прэзыдэнт, што паміж НАТО і Расеяй няма ніякага даверу. Канечне, дыпляматычна, але абвінавачвалі адзін аднаго. Ані кроплі даверу не было відаць. І Беларусь якраз хацела ўвесьці нейкі мэханізм даверу, каб вырашаць праблемы, якія немагчыма вырашыць безь вялікіх гульцоў.

Генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер (зьлева), прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, былы генэральны сакратар АДКБ (2003-2017) Мікалай Бардзюжа, Міжнародны форум «Менскі дыялёг». 24 траўня 2018 году
Генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер (зьлева), прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, былы генэральны сакратар АДКБ (2003-2017) Мікалай Бардзюжа, Міжнародны форум «Менскі дыялёг». 24 траўня 2018 году

— «Усё, што казаў Мікалай Мікалаевіч (Бардзюжа), — праўда. Тое, што казаў прадстаўнік НАТО — таксама праўда. Гэта факт, нікуды не падзенесься», — сказаў Лукашэнка. Па-вашаму, наколькі гэтая пазыцыя — і вы маеце рацыю, і вы маеце рацыю — цяпер ёсьць афіцыйнай беларускай палітыкай?

— Я думаю, гэта зьвязана з тым, што ўкраінскі крызіс даў Беларусі шанец паправіць імідж. І цяпер ідзе рэбрэндынг Беларусі на фоне ўкраінскіх падзей як дзяржавы, якая міратворца і можа рэгуляваць гэты канфлікт. Беларускія чыноўнікі кажуць, што Менск становіцца донарам рэгіянальнай бясьпекі. Я думаю, гэта надта моцныя словы.

Беларускія чыноўнікі кажуць, што Менск становіцца донарам рэгіянальнай бясьпекі. Я думаю, гэта надта моцныя словы

Але сапраўды, у Беларусі ёсьць шанец на рэбрэндынг свайго іміджу ў рэгіянальным маштабе, у Эўропе. Калі разам з гэтым будуць адбывацца і ўнутраныя зьмены, тыя эканамічныя і палітычныя трансфармацыі, якія зробяць Беларусь іншай краінай.

— Лукашэнка сказаў — Беларусь не з Расеяй супраць Эўропы і не з Эўропай супраць Расеі. Для Захаду гэта ўжо прагрэс — ці гэта ўспрымаецца толькі як рыторыка? У Захаду ёсьць нейкія аб’ектыўныя падставы верыць гэтым словам? Бо Беларусь жа — вайсковы, палітычны і эканамічны саюзьнік Расеі.

— Я думаю, што на Захадзе пачынаюць зьвяртаць на Беларусь больш сур’ёзную ўвагу. Верыць гэтым словам пакуль вельмі цяжка, бо Беларусь — саюзьнік Расеі. І ня можа быць па-іншаму, пра гэта і Лукашэнка сёньня казаў. Вайсковы і эканамічны саюз з Расеяй для Беларусі вельмі важны.

Вельмі істотнае пытаньне — унутраная трансфармацыя Беларусі. Менск хоча, каб гэта адбывалася тэмпам, якім беларускія ўлады могуць кіраваць.

Разам з рэбрэндынгам іміджу Беларусі магла б адбывацца і ўнутраная трансфармацыя ў краіне

— Але ж пазыцыя беларускіх уладаў заўсёды была наступная — «адчапіцеся ад нас з гэтымі ўнутранымі пераменамі. Самае галоўнае — каб мы геапалітычна былі не такія прарасейскія, як раней».

Міністар абароны Андрэй Раўкоў (зьлева) і старшыня КДБ Валеры Вакульчык
Міністар абароны Андрэй Раўкоў (зьлева) і старшыня КДБ Валеры Вакульчык

— Тут вельмі важнае пытаньне даверу паміж Менскам і Захадам, які пакуль меншы, чым Беларусь хацела б. Зь іншага боку, гэты давер ужо большы, чым у адносінах Захаду і Расеі. Таму разам з рэбрэндынгам іміджу Беларусі магла б адбывацца і ўнутраная трансфармацыя ў краіне.

Калі раней усё было адназначна — «апошняя дыктатура ў Эўропе», самаізаляваная краіна, — то цяпер аказваецца, што ня ўсё так. І гэта дае Беларусі шанец прадставіць сябе па-іншаму.

— Вы ведаеце, што ў адзін дзень зь Менскім форумам адбыўся і форум «Свабоду палітвязьням», дзе гучалі заклікі да таго, каб госьці Менскага форуму не забывалі пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

— Вельмі істотна, што гэта адбылося. Правы чалавека — гэта вельмі лімітуючы чыньнік у адносінах Захаду і Беларусі. Гэта паказвае, што ёсьць сэктары, дзе зьмены ідуць даволі маштабна, і ёсьць сэктары, дзе зьменаў амаль не відаць. І правы чалавека — гэта адзін зь іх.

— Беларуская апазыцыя апошнім часам нярэдка выказвае ў дачыненьні да Захаду пэўныя нездавальненьні і нават крыўду. Можа, не афіцыйна, «не для прэсы», але гучаць заявы, што Захад ледзь ня кінуў беларускую апазыцыю, забыў пра яе і пераключыўся толькі на дыялёг з афіцыйным Менскам. Ці згодныя вы з такім меркаваньнем?

— Якраз у гэтыя дні лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі акурат знаходзяцца ў Вашынгтоне з даволі шырокай праграмай. Быў час, калі апазыцыя мела манаполію на сувязі з Захадам. Гэты час прайшоў.

Зь іншага боку, чаканьні Захаду адносна апазыцыі, што яна можа зьмяніць сытуацыю ў краіне шляхам выбараў, таксама не ажыцьцявіліся. На Захадзе разумеюць, што апазыцыя — гэта важна, але важна і мець афіцыйныя кантакты, каб праз дыялёг уплываць на сытуацыю. Вось тут апазыцыя застаецца дастаткова моцным акторам. Але ня мае ўжо манаполіі на стасункі, якая была яшчэ пяць гадоў таму.

Польшча і Літва — галоўныя краіны, якія ўплываюць на адносіны ўсяго Эўразьвязу зь Менскам

— Палітыка «нармалізацыі» адносінаў Менску з Захадам, якая пачалася ў 2015 годзе, спачатку прасоўвалася даволі актыўна. Але ёсьць уражаньне, што апошнія месяцы назіраецца нейкая паўза, няма нейкіх новых крокаў насустрач. Што трэба зрабіць бакам, каб ажывіць гэты працэс?

— Як я сказаў напачатку, украінскі крызіс даў Беларусі магчымасьць, і Менск гэта вельмі ўмела выкарыстаў. На сёньня ў Беларусі даволі напружаныя адносіны з суседзямі — Польшчай і Літвой (з Польшчай у значна меншай ступені). Але гэта галоўныя краіны, якія як сябры Эўразьвязу ўплываюць на адносіны ўсяго Эўразьвязу зь Менскам.

Ёсьць пункты, якія не мяняюцца — палітычная сыстэма, правы чалавека — і яны ўплываюць на тое, што дагэтуль не падпісанае базавае пагадненьне паміж Менскам і Брусэлем. Пакуль гэтага не адбылося, будзе адчуваньне, што Беларусь дагэтуль перш за ўсё саюзьнік Расеі. І адносіны з Захадам — гэта адносіны дэ-факта, проста на фоне ўкраінскага крызісу, а не дэ-юрэ.

— Гэтае пагадненьне, Прыярытэты партнэрства, на думку экспэртаў, не заключаецца толькі з прычыны адносінаў Літвы ў зьвязку зь Беларускай АЭС, ці ёсьць нейкія іншыя прычыны?

— Я думаю, самае галоўнае — гэта пазыцыя Літвы. Але ня толькі. Няма пакуль пэўнага ўзроўню даверу ў адносінах. Той перапынак, які быў у адносінах, пакуль не забыты. І калі рэбрэндынг іміджу Беларусі супадзе з унутранай трансфармацыяй, то гэта будзе станоўчым крокам. Не хачу казаць, што Менск гэта абавязаны рабіць. Але думаю, што гэта супадае з інтарэсамі беларускіх уладаў. Беларусь хоча рабіць гэта так, каб улады працягвалі кантраляваць сытуацыю.

У эканоміцы мы бачым ужо некаторыя крокі, а ў палітычнай сфэры ад Менску варта чакаць найперш зьмены стаўленьня, а ня зьмены палітычнай сыстэмы.

Лукашэнка: «Мы ня рвёмся ў міратворцы. У нас сваіх праблем больш чым дастаткова»

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG