Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп, Мэй і Макрон працягваюць кансультацыі па Сырыі


Эманюэль Макрон, Дональд Трамп і Тэрэза Мэй

Лідэры ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі працягваюць кансультацыі наконт магчымага адказу на меркаванае выкарыстаньне хімічнай зброі рэжымам Башара Асада ў Сырыі.

Канчатковае рашэньне аб тым, якім будзе гэты адказ і ці будзе ён ваенным, яшчэ не прынятае — заявілі ў чацьвер у Белым доме пасьля пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША пад старшынствам Дональда Трампа.

Прэзыдэнт ЗША, як чакаецца, зноў абмяркуе Сырыю па тэлефоне з брытанскім прэм’ер-міністрам Тэрэзай Мэй і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

Раней на пасяджэньні брытанскага кабінэту было вырашана, што Брытанія павінна адрэагаваць на ўжываньне хімічнай зброі, факт якога Лёндан лічыць «вельмі верагодным». Мэта Брытаніі — «перашкодзіць выкарыстаньню рэжымам Асада хімічнай зброі». Кабінэт даручыў Мэй працягваць кансультацыі з саюзьнікамі.

Афіцыйны Дамаск і Масква, якая падтрымлівае Асада, адмаўляюць, што ў горадзе Дума 7 красавіка адбылася хімічная атака. Прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя заявіў пра неабходнасьць «прадухіліць вайну». Ён адзначыў, што, паколькі ў Сырыі знаходзяцца расейскія вайскоўцы, у выпадку ўдараў па гэтай краіне ня выключанае ўзброенае сутыкненьне паміж Расеяй і ЗША.

Расея хоча абмеркаваць сытуацыю на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН з удзелам Генэральнага сакратара арганізацыі Антонію Гутэрыша. Той у чацьвер заклікаў пяцёрку краінаў — пастаянных чальцоў Рады Бясьпекі — дамовіцца паміж сабой аб выхадзе зь цяперашняга крызісу вакол Сырыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG