Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Францыі: «У мяне ёсьць доказы, што хімічная атака ў Сырыі была»


Эманюэль Макрон
Эманюэль Макрон

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў у чацьвер, што ў яго «ёсьць доказы» таго, што ўлады Сырыі выкарыстоўвалі хімічную зброю.

Хто менавіта быў яго крыніцай, і якія гэта доказы — Макрон не паведаміў. Аднак заявіў, што адказ на дзеяньні прэзыдэнта Сырыі Башара Асада абавязкова будзе «ў той час, які мы для гэтага абярэм».

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель таксама заявіла, што «відавочна», што Сырыя ня зьнішчыла свае запасы хімічнай зброі.

Напярэдадні, 11 красавіка, стала вядома, што ЗША, Францыя і Вялікабрытанія абмяркоўваюць сумесны ўдар па сырыйскай арміі, — нават калі рашэньне пра гэта ня будзе ўхвалена Радай Бясьпекі ААН, дзе ў прэзыдэнта Асада ёсьць падтрымка Расеі.

Трамп ўжо два разы заявіў, што ўдар можа быць нанесены, але яго тэрміны пазначыў як «вельмі хутка ці ня вельмі хутка».

Абмеркаваньне сумеснай апэрацыі пачалося пасьля зьяўленьня інфармацыі аб ужываньні хімічнай зброі сіламі Асада ва Ўсходняй Гуце 7 красавіка. Сырыйскія назіральнікі і лекары ў горадзе Дума ў прыгарадзе Дамаска сьцьвярджаюць, што сырыйская армія 7 красавіка скінула на горад хлёр і адзін з нэрвова-паралітычных газаў.

У той жа час Расея і самі прадстаўнікі рэжыму Асада адмаўлялі прымяненьне ім хімічнай зброі ў Думе. Аднак Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) заявіла, што ў выніку атакі загінулі ня менш за 70 чалавек і ня менш за 500 пацярпелі.

Дума доўгі час знаходзілася пад кантролем сырыйскай апазыцыі, аднак зь вечарам 11 красавіка яе кантралююць сілы Асада, а Расея накіравала туды адмысловую вайсковую паліцыю з прадстаўнікоў паўночнакаўкаскіх рэспублік.

Пачынаючы з панядзелка Дональд Трамп правёў некалькі сустрэч з вайсковым камандаваньнем ЗША, а таксама некалькі разоў меў зносіны па тэлефоне з брытанскім прэм’ерам Тэрэзай Мэй і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

Брытанская Telegraph сьцьвярджае, што Мэй гатовая падтрымаць ваенную інтэрвэнцыю ЗША ў Сырыі. Але паводле дадзеных Times, яна запатрабавала ад Трампа больш доказаў, што сілы Асада сапраўды ўжылі хімічную зброю ў Думе.

Макрон раней заяўляў, што калі ўдар па сілах Асада усё ж такі будзе нанесены, яго мэтай будзе завод па вытворчасьці атрутных рэчываў.

Пакуль праходзілі гэтыя перамовы, кіпрскія мэдыі паведамілі, што амэрыканскі эсьмінец «Дональд Кук» пакінуў вайсковую базу ў Ларнацы (Кіпр). Вайсковы карабель узброены 60 крылатымі ракетамі «Тамагаўк» і, як мяркуюць ваенныя экспэрты, можа накіроўвацца менавіта да берагоў Сырыі. Аднак пакуль Пэнтагон не пацьвердзіў, што гэта так.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG