Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ISI: расейскія вайсковыя караблі пакінулі порт Тартус ў Сырыі


Расейскі авіяносец у порце Тартус. Архіўнае фота.

Расейскія вайсковыя караблі пакінулі сырыйскі порт Тартус. Пра гэта паведамляе кампанія Image satellite international і прыводзіць спадарожнікавыя здымкі.

На адным здымку бачны прычал, ля якога прышвартаваныя некалькі баявых караблёў (уключаючы фрэгат «Адмірал Грыгаровіч») і судоў забесьпячэньня, а таксама дзьве падводныя лодкі клясу «Варшавянка».

На другім здымку, датаваным 11 красавіка, відаць, што ўсе караблі акрамя адной падводнай лодкі, пакінулі порт.

У кампаніі лічаць, што караблі выведзеныя ў мора з прычыны магчымых удараў ЗША і іх саюзьнікаў па тэрыторыі Сырыі.

У той жа час у сераду Інтэрфакс паведаміў пра падрыхтоўку вучэньняў ВМФ Расеі блізу сырыйскага ўзьбярэжжа.

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў аб магчымым хуткім нанясеньні ракетных удараў па Сырыі ў адказ на меркаваную хімічную атаку ў горадзе Дума. Вашынгтон таксама ўсклаў адказнасьць на Расею, абвінаваціўшы яе ў заступніцтве сырыйскага рэжыму.

Масква сьцьвярджае, што хімічнай атакі ў Думе, па ўсёй верагоднасьці, не было, называючы паведамленьні пра яе правакацыяй. Канчатковае рашэньне аб ваенным удары па Сырыі Трамп пакуль не прыняў, паведамляе Белы дом.

ААН папярэджвае, што сытуацыя ў Сырыі можа выйсьці з-пад кантролю і заклікае да перамоваў і пошуку кампрамісу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG