Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: Трамп яшчэ не прыняў рашэньня аб Сырыі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пакуль не прыняў канчатковага рашэньня наконт ваеннага ўдару па Сырыі, ён застаецца адным з варыянтаў дзеяньняў Вашынгтону і яго саюзьнікаў. Пра гэта заявіла ў сераду прадстаўніца Белага дома Сара Сандэрс.

Твіт Трампа, у якім той папярэджвае Расею аб скорых ракетных ударах, яна назвала апісаньнем адной з магчымасьцяў.

Сара Сандэрс падкрэсьліла, што ЗША перакананыя ў тым, што войскі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ажыцьцявілі хімічную атаку ў горадзе Дума, і адзначыла, што Вашынгтон ускладае адказнасьць за гэтую атаку і на Расею, якая абяцала садзейнічаць зьнішчэньню сырыйскага хімічнага арсэналу.

Прадстаўніца Белага дома адзначыла, што Расея дзейнічае ў Сырыі як «адмоўная дзейная асоба». У той жа час, паводле яе, Трамп спадзяецца, што сытуацыя зьменіцца і Расея пяройдзе да супрацоўніцтва.

У Белым доме кажуць, што Дональд Трамп вядзе кансультацыі аб сумесных дзеяньнях з саюзьнікамі — Брытаніяй, Францыяй, Ізраілем і суседніх арабскіх краін.

Брытанская прэса паведаміла, што брытанскія падводныя лодкі адправіліся да ўзьбярэжжа Сырыі, каб прыняць удзел у магчымых ударах па аб’ектах у гэтай краіне.

Расея сьцьвярджае, што хімічнай атакі ў Думе, хутчэй за ўсё, не было, называючы паведамленьне пра яе правакацыяй. Міжнародная арганізацыя забароны хімічнай зброі, як чакаецца, абмяркуе паведамленьні аб хімічнай атацы ў панядзелак, 16 красавіка. Арганізацыя гатовая выслаць у Сырыю спэцыяльную місію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG