Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол РФ заявіў пра права Расеі зьбіваць ракеты пры ўдары ЗША па Сырыі


Дзіця ў шпіталі ў Думе пасьля хімічнай атакі

Расея пакідае за сабой права зьбіваць ракеты ў выпадку агрэсіі ЗША супраць Сірыі. Расейскае агенцтва РБК прыводзіць гэтую заяву пасла Расеі ў Лібане Аляксандра Засыпкіна тэлеканалу «Аль-Манар».

Дыплямат адзначыў, што Расея можа наносіць удары па аб’ектах, якія выкарыстоўваюцца для запуску ракетаў па мэтах у Сырыі.

Напярэдадні Масква папярэдзіла ЗША аб сурʼёзных наступствах у выпадку нанясеньня ўдараў па Сырыі. «Расея папярэдзіла як публічна, так і па адпаведных каналах, у тым ліку вайсковым, прадстаўнікоў Злучаных Штатаў аб тых сурʼёзных наступствах, якія могуць быць у тым выпадку, калі гэтыя ўдары будуць нанесеныя і падчас гэтых удараў вольна ці міжвольна пацерпяць расейскія грамадзяне» — заявіў сталы прадстаўнік РФ пры ЭЗ Уладзімер Чыжоў.

У сакавіку сёлета начальнік генштабу ўзброеных сілаў РФ генэрал Валеры Герасімаў таксама папярэджваў, што Расея адкажа ЗША на магчымы ракетна-бомбавы ўдар па Дамаску, калі зьявіцца небясьпека для жыцьця расейскіх вайскоўцаў. Паводле яго, амэрыканскае кіраўніцтва плянуе нанесьці ўдар па ўрадавых кварталах сырыйскай сталіцы, папярэдне абвінаваціўшы рэжым Башара Асада ва ўжываньні хімічнай зброі.

The New York Times 11 красавіка паведаміла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і яго дарадцы разглядаюць магчымасьць нанясеньня ўдараў па Сырыі. Падставай для гэтага ў Вашынгтоне называюць атаку з ужываньнем хімічнай зброі ў сырыйскім горадзе Дума. Адказнасьць за атаку ЗША і іншыя краіны Захаду ўскладаюць на сырыйскія ўрадавыя сілы.

Францыя і Вялікабрытанія ўзгаднілі неабходнасьць адказу на меркаванае выкарыстаньне Сырыяй хімічнай зброі і дамовіліся аб сумесных дзеяньнях на Блізкім Усходзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG