Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія Арганізацыі забароны хімічнай зброі пачне працу ў Сырыі ў суботу


Джэймс Мэтыс

Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў, што перакананы ў факце хімічнай атакі ў сырыйскім горадзе Дума 7 красавіка.

У той жа час міністар падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты па-ранейшаму зьбіраюць доказы таго, што гэты напад меў месца, і што адказнасьць за яго нясе рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада.

На слуханьнях у Кангрэсе Мэтыс сказаў, што Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі яшчэ не прынялі рашэньня аб тым, ці будуць яны наносіць ўдары па Сырыі ў адказ на хімічную атаку супраць грамадзянскіх асоб. Ён даў зразумець, што ёсьць два меркаваньні, якія абцяжарваюць плянаваньне — гэта пагроза ваеннага сутыкненьня пасьля магчымага ўдару па Сырыі, дзе знаходзяцца расейскія вайскоўцы, а таксама імкненьне пазьбегнуць гібелі мірнага насельніцтва ў выніку ўдараў.

Міністар абароны ЗША заявіў, што на месца меркаванай хімічнай атакі павінны як мага хутчэй прыбыць міжнародныя экспэрты для таго, каб вызначыць, што адбылося ў горадзе Дума.

Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) у чацьвер пацьвердзіла, што яе экспэрты едуць у Сырыю і гатовыя ўжо ў суботу прыступіць да працы. Сырыйскія ўлады і Расія абяцалі садзеяньне. Горад Дума, як паведамляецца, перайшоў пад кантроль ўрадавых войскаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў чацьвер заявіў, што рашэньні па Сырыі будуць прынятыя «хутка», але не назваў ніякіх часавых рамак. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што Парыж мае доказы прымяненьня хімічнай зброі.

Расея і афіцыйны Дамаск адмаўляюць сам факт хімічнай атакі ў Думе і называюць паведамленьні пра яе правакацыяй.

Швэцыя ў чацьвер прапанавала праект рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб міжнародным расьсьледаваньні паведамленьняў аб прымяненьні хімічнай зброі ў Сырыі — пасьля правалу праектаў ЗША і Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG