Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Макей: «Дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам»


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам і выказала гатоўнасьць пачаць дыялёг з нагоды адзначэньня стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у інтэрвію Euronews, тэкст якога апублікаваны на сайце зьнешнепалітычнага ведамства.

Уладзімер Макей сказаў, што «мы жывем у вельмі цікавы пэрыяд часу», назваўшы стогадовую гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі «вельмі важнай датай».

«Некалькі дзён таму прэзыдэнт зрабіў шэраг заяваў па гэтым пытаньні, адзначыўшы, што абвяшчэньне БНР — гэта частка нашай гісторыі, і мы павінны прымаць гэта. Але мы не можам судзіць прадстаўнікоў таго пэрыяду, таму што не ведаем усіх абставінаў, у нас няма поўнай інфармацыі, што вельмі важна для абʼектыўнага аналізу сытуацыі», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

Паводле яго, каб «сабраць больш інфармацыі пра тыя падзеі», «было арганізавана мноства тэматычных круглых сталоў, канфэрэнцый, іншых мерапрыемстваў, а таксама дыскусій у сродках масавай інфармацыі». Ён дадаў, што «альтэрнатыўныя погляды, прадстаўленыя ў дыскусіях, пасьля былі апублікаваныя».

«У Савецкім Саюзе гэты пэрыяд нашай гісторыі ацэньваўся нэгатыўна. Мяне, напрыклад, вучылі ў школе, што кіраўнікі БНР былі здраднікамі, якія спрабавалі ўсталяваць цеснае супрацоўніцтва з кайзэрам, — сказаў ён. — але сёньня дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам, тым, для каго гэтая дата важная. Ўлады санкцыянавалі мітынг і канцэрт у самым прэстыжным у Мінску месцы — паблізу Тэатра Опэры і Балета. Хочаце выкарыстоўваць сымбалі БНР — калі ласка, ніякіх праблем. Дазволеныя любыя прамовы і заявы..»..

Макей асобна адзначыў, што «на шчасьце, большасьць канструктыўных прадстаўнікоў беларускай апазыцыі прынялі гэтую прапанову», але «ёсьць людзі, якія працягваюць захоўваць неканструктыўную пазыцыю ў адносінах да ўладаў».

Чаму ўлады баяліся шэсьця?

На заўвагу карэспандэнта Euronews, што гэтых людзей арыштавалі, Макей некалькі разоў паўтарыў, што «ніхто ня быў арыштаваны ў сувязі са сьвяткаваньнем стагодзьдзя БНР».

«Так, некалькі чалавек былі затрыманыя, але за парушэньні закона, якія былі зьдзейсьненыя імі раней», — сказаў міністар. Ён назваў іх «тымі, хто хацеў бы арганізаваць правакацыі, выступіць супраць улады».

«Калі вы хочаце арганізаваць шэсьце па вуліцах горада, неабходна зьвярнуцца да гарадзкіх уладаў, у дадзеным выпадку да ўладаў Мінска, для атрыманьня адпаведнага дазволу. Заканадаўства павінна выконвацца», — сказаў Макей.

Як затрымлівалі 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:30 0:00

На заўвагу журналіста, што такі запыт быў накіраваны ўладам, Макей адказаў: «Я не ўпэўнены, што запыт быў зроблены менавіта тымі, хто хацеў арганізаваць шэсьце».

Чаму ўлады Беларусі так баяліся менавіта шэсьця?

«Я ня бачу ніякай праблемы для ўладаў, — адказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі. — Ёсьць асобныя выпадкі. Але гаворка ідзе літаральна аб некалькіх людзях, і я не думаю, што гэта створыць вялікія праблемы для ўладаў або грамадзтва».

Напрыканцы Макей яшчэ раз паўтарыў, што для ўладаў самае галоўнае — «выкарыстаць гэты момант для арганізацыі рэальнага дыялёгу паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю».

«Дзяржава ўжо выказала гатоўнасьць пачаць гэты дыялёг. Разумным было б прыняць гэтую прапанову і рухацца далей для дасягненьня большага посьпеху ў гэтай сфэры», — сказаў ён.

Сьвяткаваньне 100 год незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску 25 сакавіка праводзілася на мітынгу-канцэрце з дазволу гарадзкіх уладаў. Паводле розных ацэнак, на пляцоўцы каля менскага Опэрнага тэатру 25 сакавіка сабраліся ад 11 да 50 тысяч чалавек. Афіцыйных лічбаў менская міліцыя не называла, атрымаць камэнтар Свабодзе не ўдалося.

Па колькасьці ўдзельнікаў гэта найбольш масавы Дзень Волі ў ХХІ стагодзьдзі.

Падчас канцэрту #БНР100 людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» па-за тэрыторыяй Опэрнага тэатру мінакоў, якія трымалі нацыянальную сымболіку — стужкі, сьцяжкі, балёнікі. Па завяршэньні імпрэзы праваахоўнікі затрымлівалі ў горадзе людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Правесьці несанкцыяванае шэсьце на Дзень Волі не ўдалося – удзельнікаў акцыі затрымалі падчас збору на плошчы Якуба Коласа, агулам больш за 30 чалавек. Ініцыятараў дэманстрацыі на чале зь Мікалаем Статкевічам і Ўладзімерам Някляевым затрымалі напярэдадні і вызвалілі пасьля завяршэньня дазволенага канцэрту.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома пра 120 затрыманьняў па ўсёй Беларусі 25 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG