Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гатовы быць экспанатам, што хабар браць нельга». У Менску судзяць двух адказных лекараў з Гомля


Былы галоўны доктар Гомельскай цэнтральнай паліклінікі Вячаслаў Яшчанка і мэдык Мікалай Іваноў, які загадваў у паліклініцы біяхімічнай лябараторыяй, сталі перад Партызанскім раённым судом Менску. Абодвух лекараў, добра вядомых у сваім горадзе, судзяць за атрыманьне хабару. Ім інкрымінуюць параўнальна невялікія сумы ў двух эпізодах кожнаму. Яшчанку — 2500 эўра і 800 даляраў, Іванову — 1500 даляраў і 2000 эўра.

Вячаслаў Яшчанка сядзіць у жалезнай клетцы, ягоны былы падначалены Мікалай Іваноў прыяжджае ў суд з Гомля, дзе знаходзіцца пад хатнім арыштам. Сьледзтва ўлічыла, што ў Іванова дрэнны стан здароўя і хворая жонка. Дык за што бралі хабар — і ці бралі?

«Гэта быў нармальны падарунак»

Паводле закону Ньютана яблык мусіць падаць уніз, а ў нас «бутэлька сьпіртнога» мусіць аказацца ў пакунку, які перадаюць лекару. Гэтак было і з пакункам, які галоўны доктар паліклінікі Вячаслаў Яшчанка атрымаў ад супрацоўніцы фірмы «Белрэамэд» Тацяны Хмялеўскай у сьнежні 2016 году.

З паказаньняў Яшчанкі ў судзе:

«Сказала, што там сувэніры. Бачу, тырчыць бутэлька сьпіртнога. Нармальны падарунак. Потым разгарнуў, а там канвэрт, у ім 2500 эўра купюрамі па 500. Грошы сабе пакінуў, бутэльку камусьці перадаў. Што грошы ўзяў, засмуціла, але — так, праявіў слабасьць».

Вячаслаў Яшчанка прызнаў віну цалкам па абодвух эпізодах, пакаяўся, але ўсё ж не ўстрымаўся і выклаў вэрсію, што нібыта хацеў грошы хабарніцы вярнуць, але запрацаваўся — да іх у паліклініку меўся прыехаць зь візытам міністар аховы здароўя — забегаўся і забыў. Ну, бывае.

Але за што ж яму давалі грошы? Паводле сьледзтва, фірма «Белрэамэд», дзе працавала Тацяна Хмялеўская, якая нібыта перадавала хабар, у якасьці спонсарскай падтрымкі з 2014 году пастаўляла Гомельскай цэнтральнай гарадзкой паліклініцы рознае дыягнастычнае абсталяваньне, у тым ліку аналізатары крыві, вельмі патрэбныя гамельчукам, у тым ліку хворым на цукровы дыябэт. Дык вось за тое, што зь фірмай паліклініка заключала адпаведныя дамовы, і давалі каму трэба хабар.

«Ім было выгадна, бо тады ў іх будуць трывала закупляць рэагенты, будзе абслугоўваньне, да таго ж ня трэба губляць час на тэндэры», — тлумачыў суду Вячаслаў Яшчанка інтарэс другога боку ўгоды.

Але што скажуць самі прадстаўнікі «Белрэамэду», суду стане вядома пазьней. Як сьведкі ў суд на будучыя паседжаньні выкліканыя Тацяна Хмялеўская і дырэктар фірмы спадар Аганэсян. Чаму толькі як сьведкі, пакуль незразумела.

«Сабекошт рэагентаў ад камэрсантаў быў удвая меншы»

Пры гэтым, паводле былога галоўнага лекара цэнтральнай паліклінікі Яшчанкі, ад апаратаў, якія ў паліклініку паставіў «Белрэамэд» была немалая карысьць. Ранейшыя апараты, у тым ліку аналізатары крыві, былі 2007 году вытворчасьці і на момант дамоваў зь «Белрэамэдам» безнадзейна састарэлі. З гэтай прычыны ў 9 філіялах цэнтральнай паліклінікі чэргі на карыстаньне аналізатарамі былі па 1,5 месяца, хоць паводле нормаў той жа гемаглябін павінны былі вызначаць ужо праз два тыдні.

І сабекошт аналізаў на апаратах «Белрэамэду» аказаўся ўдвая меншы, казаў суду падсудны Вячаслаў Яшчанка.

«Раней у нас было шмат нараканьняў ад людзей, рэпартажы адмоўныя ў прэсе. А іхныя пастаўкі значна аблягчылі нашу працу», — прагучала ад яго з лавы падсудных на адрас фірмы.

Пасьля паседжаньня ў кулюарах пачуў і такое меркаваньне назіральніка пра тое, навошта было камэрсантам даваць хабар лекарам: «Проста каб спакайней усім было. Гэтак прынята. Дзяржаўная ж мэдыцына...»

«Сядзеў з калегамі на карпаратыве, піў... чай»

Калі Вячаслаў Яшчанка прызнаў віну па абодвух эпізодах, дык Мікалай Іваноў павініўся толькі ў тым, што атрымаў 2000 эўра хабару ў 2016 годзе, а што годам раней яму Хмялеўская перадавала 1500 даляраў — рашуча адмаўляе.

«Не магло такога быць», — кажа былы кіраўнік лябараторыі і згадвае пра падзеі 29 сьнежня 2015 году зусім ня тое, што значыцца ў дакумэнтах сьледзтва.

«29 сьнежня ў нас у лябараторыі пасьля працы звычайна праводзіцца карпаратыў, прысьвечаны Новаму году. І тады сядзелі, як звычайна. Я таксама сядзеў з калегамі, піў... чай. Ну, можа, крыху шампанскага. Потым пасьля карпаратыву разам з усімі пайшоў, ёсьць сьведкі. Што там кажа Хмялеўская, нібыта яна прыходзіла і мне грошы перадавала, гэтага не магло быць», — сказаў падсудны Іваноў.

Калі яму зачыталі ягоныя паказаньні на сьледзтве, што 29 сьнежня 2015 году ён сышоў з працы адразу пасьля заканчэньня працоўнага дня, былы загадчык лябараторыі паправіў сябе: гэта ён меў на ўвазе 2016 год, на сьледзтве пераблытаў.

Але што да хабару праз год — дык сапраўды было, не адмаўляў Мікалай Іваноў.

«Вы раскайваецеся?» — запытаў ягоны адвакат. — «Ня тое слова, гэта не раскаяньне, а крах майго жыцьця. Я гатовы для ўсіх быць экспанатам, як ня трэба рабіць, што нельга браць хабар».

Сам жа Іваноў суду патлумачыў, за што яму давалі хабар. За тое, што арганізаваў тэхнічнае заключэньне на пастаўку менавіта таго абсталяваньня, якое прапанавала фірма «Белрэамэд».

Чаму ж працэс над гомельскімі лекарамі праходзіць ня ў Гомлі, а ў Менску? На гэтае пытаньне абаронца Вячаслава Яшчанкі патлумачыў, што закон такое дазваляе, бо апошні эпізод перадачы хабару, паводле сьледзтва, адбываўся ў сталіцы краіны.

«У рамках „беларускай мадэлі“ карупцыю немагчыма перамагчы»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG