Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няволя яго раздушыць», — жонка арыштаванага Патрончыка, заслужанага будаўніка Беларусі


Мікалай Патрончык, архіўнае фота

66-гадовага дырэктара Круглянскай перасоўнай мэханізаванай калёны (ПМК) № 266, заслужанага будаўніка Беларусі Мікалая Патрончыка і ягонага малодшага сына Дзьмітрыя вінавацяць у адмываньні грошай. Абодва арыштаваныя. У райцэнтры засталася Патрончыкава жонка, прыкутая да ложка. Старэйшы сын Алег — за мяжой у службовай камандзіроўцы. Яго прыватную фірму правяраюць.

Мікалай Патрончык з жонкай Ларысай Алегаўнай. Фота зь сямейнага архіву
Мікалай Патрончык з жонкай Ларысай Алегаўнай. Фота зь сямейнага архіву

У супрацоўніцтве ПМК з прадпрымальнікам угледзелі прыметы карупцыі

Патрончык-старэйшы кіруе арганізацыяй, дзе працуе больш за тысячу чалавек. Яму інкрымінуюць крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, а сыну — незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Крымінальную справу супраць кіраўніка ПМК распачала пракуратура Магілёўскай вобласьці. На арышце Мікалая Патрончыка настаяла сьледзтва. Пра зьняволеньне Дзьмітрыя Патрончыка ў афіцыйным паведамленьні Сьледчага камітэту Беларусі не гаварылася.

Адміністрацыйны будынак ПМК-266
Адміністрацыйны будынак ПМК-266

Як удалося высьветліць Свабодзе, нагодай для крымінальнага перасьледу Патрончыкаў стала супрацоўніцтва ПМК з прыватным прадпрымальнікам, які пастаўляў прадпрыемству запчасткі да тэхнікі. Крыніца, якая пажадала засьацца ананімнай, кажа, што арганізацыі паслугі бізнэсоўца былі выгадныя, бо тавар ён прадаваў зь невысокай нацэнкай — 20–30 працэнтаў — і да таго ж сам прывозіў яго ў Круглае. З прадпрымальнікам сябраваў Дзьмітры Патрончык.

Супрацоўніцтва дзяржаўнага прадпрыемства зь бізнэсоўцам трывала прынамсі чатыры гады і пытаньняў не выклікала. Сёлета ж у ім угледзелі прыкметы карупцыйнага злачынства. Увесь фінансавы абарот за час супрацоўніцтва прызнаны незаконным. Памер шкоды, якую выстаўляюць сьледчыя Патрончыкам, пакуль невядомы.

Патрончык віны не прызнае, але зь ім «вядзецца работа»

Паводле крыніц, блізкіх да семʼяў арыштаваных, старэйшы Патрончык сваёй віны не прызнае, «але зь ім вядзецца работа».

«На яго націскаюць, каб падпісаў прызнаньне, і тады яго нібыта адпусьцяць. Але па такім цяжкім артыкуле нікога не адпускаюць», — сказала карэспандэнту Свабоды крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

Прадпрымальнік, імя якога крыніца ўстрымалася называць, адседзеў, паводле яе, трое сутак і цяпер на волі.

Мікалай Патрончык жонцы: «Да мяне ёсьць пытаньні...»

Жонка апошні раз бачыла Мікалая Патрончыка 26 сьнежня — тады ў іхнай хаце быў ператрус. Калі гаспадара выводзілі з дому, ён сказаў жонцы: «Усё ў іхных руках. Да мяне ёсьць пытаньні...»

Гаворачы пра ператрус, Ларыса Алегаўна адзначыла, што апэратыўнікі паводзілі сябе карэктна. «Каб мяне не турбаваць, прычынілі дзьверы ў пакоі», — кажа яна, дадаючы, што пасьля вобшуку ў хаце не пакінулі вэрхалу. У мужа на руках не было кайданкоў.

Пазьней жанчына даведалася, што ператрус быў і на кватэры арыштаванага сына. Цяпер яна непакоіцца за старэйшага сына Алега — каб яго таксама не арыштавалі, калі вернецца на радзіму.

Сямейнае котлішча Патрончыкаў у Круглым
Сямейнае котлішча Патрончыкаў у Круглым

Ларыса Алегаўна хворая на полінэўрапатыю — пяты год прыкутая да ложка. Пакуль мужа і сыноў побач няма, за ёй прыглядаюць суседзі і сваякі. Побач зь ёю на ложку малітоўнікі, пульт ад тэлевізара, тэлефон ды пляншэт.

Матывы крымінальнага перасьледу мужа і сына ёй не зразумелыя. Жанчына настойвае, што яны ня злодзеі, і спадзяецца, што сьледзтва ўва ўсім разьбярэцца і іх вызваліць. Кажа, што пра гэта просіць Бога.

Не пайшоў на пэнсію, каб вывесьці ПМК з крызісу

Зь Мікалаем Патрончыкам Ларыса Алегаўна пражыла 43 гады. Пра мужа кажа, што па натуры ён няўрымсьлівы чалавек. Злуецца, што не пайшоў па пэнсію, калі была магчымасьць. Непакоіцца, што няволя мужа «раздушыць», а выйшаўшы на свабоду, ён ня знойдзе сабе супакою.

«Ён не заслужыў да сябе такога стаўленьня, — кажа гаспадыня апусьцелага катэджа ў раёне, які месьцічы называюць круглянскім „Царскім сялом“. — Усё ягонае жыцьцё было прысьвечана людзям, а ў выніку выйшла, што яго ўзьнялі высока, а потым кінулі».

Паводле суразмоўніцы, без кіраўніцтва Мікалая Патрончыка ПМК ужо сутыкалася з крызісам. У 2013 годзе ён трапіў у аўтамабільную аварыю і месяц пасьля яе быў у крытычным стане. Перанёс некалькі апэрацый (апошнюю незадоўга да арышту). Пасьля году рэабілітацыі вярнуўся на працоўнае месца, бо супрацоўнікі арганізацыі папрасілі яго адкласьці выхад на пэнсію. Па словах жонкі, Мікалай Патрончык паслухаўся іх, адмовіўшыся ад інваліднасьці.

Гандлёва-гасьцінічны комплекс «Ізумруд» — маёмасьць ПМК-266
Гандлёва-гасьцінічны комплекс «Ізумруд» — маёмасьць ПМК-266

«Тады пайшоў развал арганізацыі. Без Патрончыка і ягоных жорсткіх патрабаваньняў да дысцыпліны сыстэма кіраваньня пачала даваць збоі, што адбілася на працы, — кажа Ларыса Алегаўна. — Яму было шкада прадпрыемства, дый раён, дабрабыт якога трымаўся на працы ПМК. У выніку зь Мікалая Васільевіча цяпер робяць злодзея».

Патрончык ня меў ільготаў. ПМК удзельнічала ў тэндэрах і перамагала

Ларыса Алегаўна па прафэсіі інжынэр-будаўнік. 40 гадоў адрабіла ў арганізацыі, якой кіраваў муж.

За́кідаў, што Мікалай Патрончык меў ільготы ў выбары абʼектаў для ПМК, бо знаўся з Лукашэнкам, Ларыса Алегаўна не прызнае. Цьвердзіць, што права на будаўніцтва арганізацыя атрымлівала празь перамогу ў тэндэрах. Гэта тычыцца і прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі «Александрыя-2», і вёскі Александрыя, і лядовага палаца ў Шклове.

Гандлёвым цэнтрам «Гаспадар» таксама валодае ПМК-266
Гандлёвым цэнтрам «Гаспадар» таксама валодае ПМК-266

«У Круглянскім раёне для арганізацыі няма абʼёмаў працы, таму кіраўнік мусіў вышукваць іх у іншых раёнах і абласьцях», — так тлумачыць Ларыса Алегаўна тое, што Круглянская ПМК бралася ўзводзіць дамы ў іншых мясьцінах Беларусі.

Сваякі: арышт ухвалілі «на самым версе»

Арышт Мікалая Патрончыка ўхвалілі на «самым версе», перакананыя ягоныя родзічы. Калі прымалася рашэньне аб зьняволеньні, кажуць яны, пад увагу ня браліся ні ягонае здароўе, ні ўзрост, ні заслугі.

Нерухомасьць, якой валодае ПМК, сваякі Патрончыка пакуль не разглядаюць як нагоду для крымінальнага перасьледу кіраўніка прадпрыемства. Але калі яе пачнуць дзяліць, лічаць яны, то ахвочыя знойдуцца.

Шматпавярховікі ў Круглым, збудаваныя мясцовай ПМК
Шматпавярховікі ў Круглым, збудаваныя мясцовай ПМК

«Гэтая інфраструктура не дае цяпер асаблівага прыбытку, бо выбудаваная яна ў невялікім горадзе і вымагае немалых высілкаў, каб прыцягваць турыстаў», — казалі суразмоўцы Свабоды.

На афіцыйным сайце прадпрыемства пазначана, што яно валодае турыстычным комплексам «Мікалаеўскія сажалкі», гандлёва-гасьцінічным комплексам «Ізумруд» ды гандлёвым цэнтрам «Гаспадар». У распараджэньні ПМК шэраг іншых гандлёвых абʼектаў.

Пасьпяховасьць ПМК-266 трымалася на аўтарытэце Мікалая Патрончыка

У Круглым занепакоеныя лёсам ПМК. На прадпрыемстве працуе кожны сёмы жыхар райцэнтру. ПМК-266 забясьпечвала палову паступленьняў у раённы бюджэт. На ёй трымаецца тутэйшая сацыяльная інфраструктура.

Многія кажуць, што пасьпяховасьць прадпрыемства трымалася на аўтарытэце яго шматгадовага кіраўніка.

«Вывелі ў кайданках». Жыхары райцэнтру Круглае пра арышт кіраўніка мясцовай ПМК-266

У прыватных гутарках работнікі ПМК-266 казалі, што на прадпрыемстве зьбіраюць подпісы, каб кіраўніку прадпрыемства зьмянілі меру стрыманьня. Атмасфэра ў калектыве, зь іхных слоў, прыгнечаная. Безь Мікалая Патрончыка, лічаць ягоныя калегі, ПМК давядуць да банкруцтва, каб прыбраць канкурэнта на рынку будаўніцтва. У гэтым некаторыя з суразмоўцаў бачаць мэту крымінальнага перасьледу Патрончыка.

Меркаваньне: Пакаралі за намеры прадаць маёмасьць прадпрыемства без дазволу Менску

У апошні час ПМК мела фінансавыя праблемы, бо сельгаспрадпрыемствы не разьлічваліся за аказаныя паслугі. У сьнежні 2016 году начальнік юрыдычнага аддзелу Мікалай Курносаў наракаў, што прадпрыемства недалічылася больш як 84 мільярдаў недэнамінаваных рублёў (4 мільёнаў даляраў). Гаспадаркі разьлічваліся прадукцыяй сваіх перапрацоўчых вытворчасьцяў. Сярод іх Курносаў згадаў акцыянэрнае таварыства «Александрыйскае».

Ёсьць меркаваньні, што кіраўнік ПМК мог задумаць часткова пазбавіцца ад нерухомасьці, якая абцяжарвала працу прадпрыемства. Патрончык нібыта хацеў прадаць турыстычны комплекс «Мікалаеўскія сажалкі». І хоць ухвалы, як кажуць у Круглым, «зьверху» не атрымаў, працягваў шукаць пакупнікоў. Гэта магло выклікаць незадаволенасьць менскай улады.

Каля адміністрацыйнага будынка ПМК. Шыльды здалёк кідаюцца ў вочы мінаку
Каля адміністрацыйнага будынка ПМК. Шыльды здалёк кідаюцца ў вочы мінаку

Мікалай Патрончык узначаліў ПМК у 1995 годзе, а працуе ў гэтай арганізацыі ад 1973 году. Ён заслужаны будаўнік Беларусі. Узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені. У інтэрвію Naviny.by Патрончык называў «добрым знаёмым» Аляксандра Лукашэнку, які ў 2012 годзе прапаноўваў яму пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. Тады будаўнік адмовіўся.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG