Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вывелі ў кайданках». Жыхары райцэнтру Круглае пра арышт кіраўніка мясцовай ПМК-266


Мікалай Патрончык
Мікалай Патрончык

У райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, арыштаваны дырэктар ПМК-266 Мікалай Патрончык. Яму інкрымінуюць крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што крымінальная справа распачатая пракуратурай Магілёўскай вобласьці. Аб арышце абвінавачанага хадайнічала перад ёй сьледзтва. Больш падрабязнасьцяў крымінальнага перасьледу Мікалая Патрончыка Сьледчы камітэт не падае.

У кайданках ня мог улезьці ў службовую машыну апэратыўнікаў

Між тым, як удалося высьветліць, апошнім часам у ПМК былі фінансавыя праблемы, бо сельгаспрадпрыемствы не разьлічваліся за аказаныя паслугі. Каб утрымацца на плыву і выплачваць сваім работнікам заробак, арганізацыя брала крэдыты, якія ня сплачваліся ў час. Кажуць, што гэта і магло стацца прычынай крымінальнага перасьледу.

Гандлёва-гасьцінічны комплекс «Ізумруд» пабудавала ПМК-266, яна ж ім і валодала
Гандлёва-гасьцінічны комплекс «Ізумруд» пабудавала ПМК-266, яна ж ім і валодала

Пад варту Патрончыка ўзялі на працоўным месцы. Апэратыўнікі вывелі яго ў кайданках, якія, аднак, мусілі зьняць, бо 66-гадовы мужчына з скаванымі рукамі ня мог улезьці ў службовую машыну. Пасьля аўтамабільнай аварыі і перанесеных апэрацый у яго праблемы са здароўем.

Умеў дамаўляцца і меў сувязі «наверсе»

Насельніцтва Круглага — сем з паловай тысяч чалавек. Кожны сёмы — працаўнік ПМК. Уладакавацца сюды — вялікая ўдача для райцэнтраўца, бо тут добра зарабляюць.

Арышт Патрончыка тутэйшыя людзі ўспрынялі зь непакоем. Пасьпяховасьць прадпрыемства, ад працы якога залежыць дабрабыт усяго раёну, зьвязваецца з шматгадовым дырэктарствам Мікалая Патрончыка.

Круглянцы характарызуюць арыштаванага як сьціплага ў побыце чалавека. Адзначаюць, што за час кіраўніцтва ён не нажыў сабе багацьця. Быў апантаны працаю.

«Ягоны арышт адаб’ецца на дабрабыце раёну праз тры-чатыры месяцы», — кажа жыхарка Круглага, былая дэпутатка райсавету Зінаіда Мілешчанка. Яна дадае, што ПМК — адзінае ў раёне прадпрыемства, дзе работнікі няблага зараблялі.

Зінаіда Мілешчанка
Зінаіда Мілешчанка

«Ён умеў дамаўляцца. У яго былі сувязі „наверсе“. Ён ведаў, дзе якія плянуюцца будоўлі, — кажа суразмоўніца. — Мне па-людзку яго шкада, бо ён трапіў пад каток, пад які цяпер чамусьці трапляюць добрыя гаспадарнікі. Калі ўжо злодзеяў шукаць, дык ня там, дзе іх шукаюць».

Зінаіда Мілешчанка кажа, што занесла ў райвыканкам заяву, каб ёй дазволілі адкрыта зьбіраць подпісы жыхароў раёну пад хадайніцтвам аб зьмене меры стрыманьня для Мікалая Патрончыка. Яна лічыць, што для 66-гадовага інваліда з хворымі нагамі даволі будзе падпіскі аб нявыезьдзе. Ён ня з тых, кажа жанчына, хто будзе хавацца ад правасудзьдзя.

Райвыканкам: занепакоеныя лёсам прадпрыемства

ПМК-266 забясьпечвала палову паступленьняў у раённы бюджэт. На ёй трымаецца тутэйшая сацыяльная інфраструктура. Лёсам прадпрыемства, шматгадовы кіраўнік якога апынуўся пад вартай, занепакоеныя і ў Круглянскім райвыканкаме. Сытуацыю чыноўнікі называюць няпростай.

Круглянскі райвыканкам
Круглянскі райвыканкам

«Гэта ж не шараговае прадпрыемства, а сапраўды моцнае, са сваёй гісторыяй і плянамі, — сказаў адзін са службоўцаў. — Для нас любое прадпрыемства важнае, а гэтае — асноўнае. Таму сказаць, што мы занепакоеныя, значыць мякка выказацца».

Калектыў ПМК прыгнечаны, але працуе ў штатным рэжыме

У ПМК кажуць, што атмасфэра ў калектыве прыгнечаная. На думку работнікаў, зьняволеньне Мікалая Патрончыка — памылка, зь якой разьбяруцца і хутка яго вызваляць. У адміністрацыі запэўніваюць, што, нягледзячы на адсутнасьць шматгадовага кіраўніка, праца ідзе ў штатным рэжыме.

Раённы дом культуры рамантавала да «Дажынак» ПМК-266
Раённы дом культуры рамантавала да «Дажынак» ПМК-266

Мікалай Патрончык узначаліў ПМК у 1995 годзе. Ён заслужаны будаўнік Беларусі. Узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІІ ступені. Дэпутат райсавету. Неаднойчы езьдзіў на Ўсебеларускія сходы. Патрончык знаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які ў 2012 годзе прапаноўваў яму пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва.

ПМК-266 — найбуйнейшы ўласьнік нерухомасьці ў Круглянскім раёне. Яна будавала, сярод іншага, рэзыдэнцыю Лукашэнкі «Александрыя-2», а таксама вёску Александрыя і Лядовы палац у Шклове. У 2015 годзе круглянскія будаўнікі рыхтавалі свой горад да «Дажынак».

Навабуды ПМК-266 у райцэнтры Круглае, які сёлета стаў горадам
Навабуды ПМК-266 у райцэнтры Круглае, які сёлета стаў горадам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG