Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога намесьніка міністра надзвычайных сытуацыяў пакаралі 8 гадамі зьняволеньня за хабар


У Заводзкім судзе Менску вынесены прысуд экс-намесьніку міністра надзвычайных сытуацый Дзьмітрыю Бегуну. Высокапастаўлены чыноўнік прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару і асуджаны на 8 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Суд пазбавіў Бегуна званьня палкоўніка і патрабуе заплаціць 14 тысяч рублеў.

Таксама Дзьмітрыю Бегуну забаронена цягам 5 гадоў пасьля адбыцьця пакараньня займаць кіроўныя пасады.

У Бегуна будуць канфіскаваныя

  • 2 тэлевізары,
  • аўто «Рэно»,
  • залаты кулон,
  • 302 даляры,
  • 2 гадзіньнікі,
  • спартовая вінтоўка,
  • каля 20 бутэлек розных віскі, каньяку, настойкі, гарэлкі,
  • гаспадарчая пабудова,
  • жылы дом ў вёсцы Чудзінічы Лагойскага раёну.

Былы дырэктар прыватнага прадпрыемства «РМ ГрыфРэстаўрацыя» Аляксандр Грыц, які, паводле суду, перадаваў грошы Дзьмітрыю Бегуну за спрыяньне ў бізнэсе, атрымаў мякчэйшы тэрмін — 5 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёнію.

Аляксандар Грыц
Аляксандар Грыц

Працэс над Дзьмітрыем Бегуном і Аляксандрам Грыцам пачаўся 5 верасьня. Паводле сьледзтва, Грыц неаднаразова перадаваў хабар Бегуну, а той узамен забясьпечваў бесьперашкоднае атрыманьне дакумэнтаў аб захаваньні пажарнай бясьпекі на аб’ектах, дзе працавала кампанія «РМ ГрыфРэстаўрацыя».

У судзе Аляксандр Грыц прызнаў віну цалкам і даваў падрабязныя паказаньні пра злачынства. Дзьмітры Бягун спачатку адмовіўся даваць паказаньні, а потым прызнаўся толькі ў адным эпізодзе, калі атрымаў ад Грыца больш як 5 тысяч даляраў.

Фігурантаў гэтай крымінальнай справы затрымалі 19 сакавіка 2017 году. Празь некалькі дзён сытуацыю пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка:

«Хабар браў на месцы. Узялі ўсіх. Чаго крыўдзіцца на мяне? Усе аднолькавыя перад законам: і міністры, і намесьнікі міністра. Сьвеціць восем гадоў мінімум».

Пракурор запытваў для Дзьмітрыя Бегуна гэтыя ж 8 гадоў зьняволеньня.

Дзьмітры Бягун не адказаў карэспандэнту Свабоды на пытаньне, ці будзе ён абскарджваць прысуд. Адмовіўся ад камэнтару і абаронца асуджанага.

Дзьмітры Бягун
Дзьмітры Бягун

Прысудам абураліся сваякі і сябры асуджанага экс-намесьніка міністра. Адзін зь іх, які назваўся супрацоўнікам камітэту дзяржаўнага кантролю, сказаў для Радыё Свабода:

«Суд вельмі моцна памыліўся. Для першых трох эпізодаў, якія паставілі ў віну Дзьмітрыю Міхайлавічу, пэўныя доказы адсутнічаюць.

Грыц сцвярджаў, што перадаваў Бегуну хабар, Бягун гэтага не прызнае. Адпаведна паводле прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці ён мусіць быць апраўданы і пракурор яшчэ на стадыі перавыстаўленьня абвінавачаньня мусіў адмовіцца ад падтрымкі гэтага абвінавачаньня.

Застаецца чацьвёрты эпізод, калі Дзьмітрыя Бегуна злавілі на гарачым учынку, у якім фігуруе 5 тысяч даляраў. Там ідзе гаворка пра выдачу ці нявыдачу заключэньня на ўвод аб’екту ў эксплюатацыю. Выдача такога заключэньня ўваходзіць у кампэтэнцыю непасрэдна начальніка Заводзкай раённай управы надзвычайных сытуацыяў, але ніяк не намесьніка міністра.

Бегуна прызналі вінаватым паводле ўсіх эпізодаў, у тым ліку недаказаных

Адпаведна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці намесьніка міністра і не прыцягваць за гэта начальніка раённай управы немагчыма, гэта юрыдычны нонсэнс. То бок няма складу злачынства „хабар“, бо няма дзеяньняў, якія ўваходзяць у кампэтэнцыю службовай асобы.

Можна было разглядаць кожны іншы склад злачынства, у нас вялікі Крымінальны кодэкс. Злоўжываньні, перавышэньне ўлады, яшчэ нешта — прыдумаць можна было.

Калі пракурор перавыстаўляў абвінавачаньне, ён мусіў паводле першых трох эпізодаў ад абвінавачаньня адмовіцца, а паводле чацьвёртага замяніць артыкул аб хабары на іншы. Але гэтага не зрабіў.

Сёньняшні прысуд, у якім сказана аб паўторным атрыманьні хабару, сьведчыць, што Бегуна прызналі вінаватым паводле ўсіх эпізодаў, у тым ліку недаказаных. Адпаведна гэты прысуд варта лічыць незаконным».

Суразмоўца таксама перакананы, што пры затрыманьні Дзьмітрыя Бегуна падчас апэратыўнага экспэрымэнту стасоўна яго быў груба парушаны закон «Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці»:

«Таму мы лічым, што ў істоце справы Дзьмітрыя Бегуна мусілі сёньня апраўдаць і вызваліць з-пад варты, а Аляксандар Грыц мусіў быць асуджаны за падбухторваньне да дачы хабару», — мяркуе суразмоўца.

Дзьмітры Бягун, архіўнае фота
Дзьмітры Бягун, архіўнае фота

Дзьмітры Бягун быў прызначаны намесьнікам міністра па надзвычайных сытуацыях у 2015 годзе. Раней ён займаў пасаду начальніка сталічнага ўпраўленьня МНС.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG