Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі за хабар аднаго з кіраўнікоў Дзяржстандарту


Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі затрымала кіраўніка аднаго з дэпартамэнтаў Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі, паведамляе БелаПАН.

Імя затрыманага сілавікі не называюць.

Як паведамляе МУС, апэратыўную інфармацыю пра дзяржслужбоўца, які вырашаў пры дапамозе «адкатаў» пытаньні, што ўваходзяць у ягоную кампэтэнцыю, апэратыўнікі атрымалі ўжо даўно. Пасьля апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў яна пацьвердзілася.

Апэрацыю па выкрыцьці хабарніка правялі ў некалькі этапаў.

Сьпярша ў Менскім раёне падчас атрыманьня хабару ў 20 тысяч даляраў затрымалі жыхара сталіцы, які раней займаў высокую пасаду ў адной з інспэкцый дэпартамэнту Дзяржстандарта. Паводле затрыманага, грошы прызначаліся для перадачы кіраўніку аднаго з дэпартамэнтаў Камітэту па стандартызацыі.

У выніку затрымалі гэтага чыноўніка і ягонага памагатага. Як высьветлілася, ад жніўня 2013 году да студзеня 2015-га чыноўнік атрымаў ад прадстаўнікоў камэрцыйных арганізацый хабару на 35 тысяч даляраў і 30 млн недэнамінаваных рублёў, а таксама іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці. Так яны дзячылі за выдачу дазволаў на правядзеньне будаўніча-мантажных працаў і вырашэньне іншых пытаньняў, якія ўваходзяць у кампэтэнцыю чыноўніка.

Дома ў чыноўніка вынялі 10 тысяч даляраў, 60 тысяч заблякавалі на рахунках. У фігурантаў справы арыштавалі чатыры кватэры, зямельны ўчастак, грашовыя сродкі і іншую маёмасьць на агульную суму каля мільёна рублёў.

Сьледчы камітэт распачаў сем крымінальных спраў у дачыненьні да затрыманых.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG