Урад Ірляндыі абвясьціў аб правядзеньні рэфэрэндуму аб адмене забароны на аборты ў краіне. Галасаваньне павінна адбыцца ў канцы траўня. Заканадаўчае абмежаваньне абортаў у Ірляндыі — адно з самых строгіх у сьвеце.
У 1983 годзе ў канстытуцыю краіны была ўнесена папраўка, якая раўняе права на жыцьцё маці і яе ненароджанага дзіцяці і фактычна забараняе аборты. Выбарнікаў спытаюць, ці жадаюць яны пакінуць яе ў сіле ці даць парлямэнту магчымасьць зьмяніць закон.
Прэм’ер-міністар Ірляндыі Леа Варадкар заявіў, што ўлады плянуюць дазволіць перапыненьне цяжарнасьці да 12 тыдня. З 2013 году аборт у Ірляндыі магчымы ў выключных выпадках, калі жыцьцё маці пад пагрозай.
Паводле апытаньняў, большасьць ірляндцаў падтрымліваюць адмену забароны. Прыхільнікі легалізацыі абортаў настойвалі на правядзеньні рэфэрэндуму менавіта ў траўні, да таго як студэнты разьедуцца на вакацыі, паколькі большасьць пажылых людзей па-ранейшаму выступаюць супраць перапыненьня цяжарнасьці.
Аборты застаюцца ў Ірляндыі падставай для рознагалосься праз папулярнасьць каталіцкай царквы. Пры гэтым у 2015 годзе Ірляндыя стала першай краінай у сьвеце, легалізаваць аднаполыя шлюбы падчас усенароднага галасаваньня.