Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя «Птушкі ля кармушкі» і онлайн-сталоўка ля Белавескай пушчы. Дапамажы птушкам перажыць маразы


Грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заклікае ўсіх неабыякавых паўдзельнічаць у акцыі «Птушкі ля кармушкі» 20-21 студзеня і дапамагчы птушкам перажыць зімовыя маразы.

Каб стаць удзельнікам акцыі, трэба 20 і (або) 21 студзеня падлічыць віды і колькасьць птушак (як правільна лічыць) на сваёй кармушцы на працягу 1 гадзіны і перадаць свае зьвесткі ў «Ахову птушак Бацькаўшчыны» праз форму на сайце або паведамленьнем у суполкі арганізацыі ў сацыяльных сетках Facebook або «УКантакце».

У арганізацыі адзначаюць, што мэта акцыі — нагадаць, як важна падкормліваць птушак у холад і мароз, паколькі ў гэты час яны затрачваюць больш энэргіі, каб сагрэцца, і ежы ім трэба таксама больш, і просяць не забываць «частаваць сваіх крылатых суседзяў усю зіму».

Арганізатары даюць парады, як зрабіць кармушку, заклікаюць удзельнікаў акцыі пісаць пра свае ўражаньні і назіраньні, зьмяшчаць здымкі сваіх кармушак у сацсетках з хэштэгам #птушкілякармушкі і абяцаюць сувэніры ад арганізацыі аўтарам самых цікавых здымкаў і аповедаў, а таксама расказваюць, чым карміць птушак.

Чым частаваць птушак

Найлепшы корм для вераб’іных — несалёныя і нясмажаныя сланечнікавыя семкі. Чысьціць іх ня трэба, можна зрабіць сумесь, дадаўшы да гэтых семак проса і авёс.

Для сінічак і дзятлаў падрыхтуй сьвежае сала (толькі несалёнае) . Кавалачкі сала можна нанізаць на цьвічкі па краях кармушкі, прывязаць да галінкі або падвесіць у сетачцы.

Вераб’і, зелянушкі, попаўзьні і чыжы не адмовяцца ад арахісу (зноў жа — несалёнага і нясьмажанага!)

Птушыная онлайн-сталоўка ў Залесьсі

Для тых, хто зь нейкай прычыны ня мае магчымасьці зрабіць уласную кармушку, але вельмі хоча паназіраць за птушкамі, існуе праект «Птушыная сталоўка ў Залесьсі». Кармушка знаходзіцца на ўскрайку Белавескай пушчы, усе ахвотныя могуць назіраць за ёй у рэжыме онлайн. Жывая трансьляцыя распачалася з канца сьнежня 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG