Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваны запіс меркаванага прыбыцьця кіраўніка ЛНР у Маскву


Ігар Платніцкі
Ігар Платніцкі

Лідэр самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі («ЛНР») Ігар Платніцкі меркавана прыбыў у Маскву на самалёце. Відэазапіс, на якім ён праходзіць па аэрапорце, апублікаваў відэаблогер Канстанцін Далгоў. Пры гэтым месца здымак у роліку не пазначана.

Пісьменьнік Захар Прылепін у гутарцы з выданьнем РБК сьцьвярджае, што ляцеў разам з Платніцкім рэйсам Растоў — Масква.

Раней ужо паведамлялася пра ўцёкі Платніцкага ў Расею, аднак пазьней ён сам адхіліў гэтыя зьвесткі.

Пры гэтым, паводле дадзеных СМІ, узброеныя людзі, якія раней занялі Луганск, у чацьвер разблякавалі частку горада, а таксама прыбралі з вуліц вайсковую тэхніку.

Паведамленьні пра ўцёкі кіраўніка «ЛНР» зьявіліся пасьля таго, як у цэнтры Луганску 21 лістапада зьявіліся ўзброеныя людзі ў вайсковай форме без знакаў адрозьненьня і заблякавалі доступ да адміністрацыйных будынкаў. Сьцьвярджалася, што Платніцкі, які раніцай знаходзіўся на працоўным месцы, загадаў ім вызваліць горад, аднак яны яго праігнаравалі. Паводле шэрагу зьвестак, у Луганск увайшла цэлая калёна «Уралаў» з узброенымі людзьмі.

Паведамлялася, што яны ўзялі штурмам будынак луганскай пракуратуры і арыштавалі некалькіх яе супрацоўнікаў. Пасьля гэтага так званае міністэрства дзяржаўнай бясьпекі «ЛНР» заявіла, што сьледчы генпракуратуры рэспублікі Аляксей Алейнік, які зьявіўся з павіннай, распавёў падрабязнасьці гібелі былога прэм’ер-міністра «ЛНР» Генадзя Цыпкалава. Па словах Алейніка, той памёр ад катаваньняў, але ў пракуратуры загадалі сфальсыфікаваць вынікі судмэдэкспэртызы. Раней паведамлялася, што Цыпкалаў скончыў жыцьцё самагубствам.

Неафіцыйна паведамлялася пра канфлікт Платніцкага зь «міністрам унутраных справаў» «ЛНР» Ігарам Карнэтам, якога Платніцкі 20 лістапада адправіў у адстаўку «у сувязі з завядзеньнем у дачыненьні яго крымінальнай справы», а той адмовіўся падпарадкоўвацца загаду. Супрацоўнікі «МУС ЛНР» падтрымалі ў гэтым канфлікце Карнэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG