Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень нараджэньня Паўла Севярынца і Ніны Багінскай


Павал Севярынец пасьля вызваленьня, сьнежань 2025
Павал Севярынец пасьля вызваленьня, сьнежань 2025

Падзеі 30 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1667 — быў закрыты Віленскі манэтны двор. З канца XV стагодзьдзя ён быў асноўным цэнтрам манэтнай прамысловасьці Вялікага Княства Літоўскага.

1917 — у ноч з 30 на 31 сьнежня ў Менску бальшавікі разагналі Першы Ўсебеларускі зьезд. Менавіта ў гэтую ноч Зьезд прыняў рэзалюцыю аб дзяржаўнай аўтаноміі Беларусі.

1922 — Беларусь уключылі ў склад СССР. І Усесаюзны зьезд саветаў прыняў дэклярацыю і дамову аб утварэньні СССР.

1992 — Паміж Беларусьсю і Літвой падпісана пагадненьне аб дыпляматычных стасунках.

2004 Міхаіла Марыніча, былога беларускага міністра і амбасадара, асудзілі на 5 гадоў турмы за нібыта скрадзеныя кампутары.

Міхаіл Марыніч у часе судовага працэсу.
Міхаіл Марыніч у часе судовага працэсу.

У гэты дзень нарадзіліся

1865Рэд'ярд Кіплінг, ангельскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

Рэд'ярд Кіплінг
Рэд'ярд Кіплінг

1904 Зэлік Аксэльрод, беларускі габрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Зэлік Аксэльрод
Зэлік Аксэльрод

1946Ніна Багінская, актывістка беларускага руху.

Жанчына стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў ня толькі 2020 году, але і ўсяго дзесяцігодзьдзя. Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху яна далучылася яшчэ ў 1988 годзе, калі на Дзяды выйшла на марш у Курапаты. Багінская — нязьменная ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту цягам многіх гадоў. Яе дзясяткі разоў затрымлівалі, яна ня раз начавала ў ізалятарах. Усе сьцягі, зь якімі выходзіць на пратэсты, шые сама. Пашыла ўжо сотні сьцягоў. Многія зь іх міліцыя пазабірала пры затрыманьнях. Лічыць, што трэба перамагаць негвалтоўна, бяз зброі ў руках. Увесь час намагаецца размаўляць зь сілавікамі, прысаромліваць іх і тлумачыць, у чым яны ня маюць рацыі.

Ніна Багінская падчас уручэньня прэміі «Людзі Свабоды — 2020» ад Радыё Свабода, сьнежань 2020
Ніна Багінская падчас уручэньня прэміі «Людзі Свабоды — 2020» ад Радыё Свабода, сьнежань 2020

1976 Павал Севярынец, палітык, літаратар, шматразовы палітвязень.

7 чэрвеня 2020 году палітыка і пісьменьніка, сустаршыню арганізацыйнага камітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўла Севярынца арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Праваабаронцы палічылі абвінавачаньне палітычна матываваным і абвясьцілі Севярынца палітычным зьняволеным. 25 траўня 2021 году яго асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму.

Спачатку Севярынец адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі. У красавіку адміністрацыя папраўчай калёніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Тады яму скарацілі дазволеную колькасьць званкоў дадому і грашовых пераводаў. А потым яго пазбавілі і працяглага спатканьня. Затым яго перавялі ў Горадзенскую турму № 1, прызначыўшы 3 гады турэмнага рэжыму.

13 сьнежня 2025 году Павал Севярынец і яшчэ 122 чалавекі выйшлі на волю па памілаваньні пасьля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з амэрыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам.

Павел Севярынец пасьля вызваленьня з жонкай Вольгай і сынам Францішкам, сьнежань 2025
Павел Севярынец пасьля вызваленьня з жонкай Вольгай і сынам Францішкам, сьнежань 2025

У памяці

1937 Аляксандар Цьвікевіч, беларускі палітык, гісторык, міністар замежных справаў ва ўрадзе БНР (расстраляны).

Аляксандар Цьвікевіч
Аляксандар Цьвікевіч


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG