Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы супраць дзяржавы. Хто і навошта скардзіцца на радзіму ў ААН


Вярхоўны Суд Беларусі.
Вярхоўны Суд Беларусі.

З 1992 году Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў каля 240 скаргаў з Беларусі.

Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, таму грамадзяне не могуць абскарджваць рашэньні беларускіх судоў у Эўрапейскім судзе ў пытаньнях правоў чалавека (ЭСПЧ) і, адпаведна, пазбаўленыя права атрымліваць прысуджаныя ім грашовыя кампэнсацыі. Адзіным месцам, куды грамадзяне Беларусі могуць паскардзіцца на сваю дзяржаву, зьяўляецца Камітэт правоў чалавека ААН. У адрозьненьне ад ЭСПЧ, яго рашэньні носяць толькі рэкамэндацыйны характар. У дадатак, скардзіцца можна толькі на парушэньне грамадзянскіх альбо палітычных правоў.

Свабода сабрала некалькі гісторый зваротаў беларусаў са скаргамі на сваю дзяржаву, а таксама даведалася, калі і як можна зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека і на што пры гэтым можна разьлічваць.

Леанід Судаленка, падаў у ААН больш за 100 скаргаў
Леанід Судаленка, падаў у ААН больш за 100 скаргаў

Вольга Грунова, патрабуе паказаць ёй месца пахаваньня расстралянага сына

«Назвалі б месца пахаваньня, каб я магла паехаць кветкі пакласьці. Гэта ж увогуле нейкая бесчалавечнасьць. Тры гады я спрабую нечага дамагчыся, але пакуль толькі ўскосныя адказы былі. Нічога канкрэтнага. Захоўваю паперы на ўсякі выпадак. Не ведаю, ці яны спатрэбяцца, я ўжо ўвогуле ні ў што ня веру. Мне кажуць: дабівайся, хадзі, звані. А каму? Калі ўжо яны вырашылі так зрабіць, то ўсё. Што хочуць, то і твораць... Камітэт правоў чалавека важны орган, вядома. Але я ня ведаю, калі канчатковы адказ будзе, вельмі ж доўга гэта працягваецца. Столькі часу прайшло, сына ўжо ня вернеш. Мне цяпер застаецца толькі чакаць. Кажуць, што можна і пяць гадоў чакаць адказу. Дай Бог, каб хоць нешта вырашылася».

Леанід Судаленка, абскардзіў забарону на сустрэчу з выбарнікамі

«Я сем разоў падаваў скаргі. Сем разоў былі справы „Судаленка супраць Беларусі“. І сем разоў Камітэт прызнаваў парушэньне маіх правоў унутры краіны. Гэта звычайна доўга вельмі працягваецца. Неяк я падаваў скаргу на дзеяньні ўладаў у 2007 годзе. Канчаткова адказ прыйшоў толькі ў 2014-м. Сем гадоў разглядалі. Я тады, у 2007 годзе, удзельнічаў у выбарах у мясцовыя саветы. Прасіў дазволу сустрэцца з выбарнікамі на адкрытай пляцоўцы перад Домам культуры. А мне забаранілі там, паслалі на мясцовы гомельскі „бангалор“.

Камітэт у выніку прызнаў факт парушэньня маіх палітычных правоў. Самае цікавае, што акурат пасьля 2014 году ў Выбарчы кодэкс былі ўнесеныя зьмены. Дзеяньне закону „Аб масавых мерапрыемствах“, на які спасылаліся гомельскія чыноўнікі ў 2007 годзе, перастала распаўсюджвацца на кандыдатаў у дэпутаты розных ступеняў. Так што можна сказаць, што, акрамя свайго асабістага задавальненьня, я дабіўся яшчэ і зьмены заканадаўства на нацыянальным узроўні. І практыкі яго прымяненьня».

Зінаіда Шуміліна, абскарджвала забароны на правядзеньне перадвыбарных пікетаў

«Трэба абскарджваць, а што рабіць? Улады ж не прызнаюць нашых правоў. Перад выбарамі аднойчы, напрыклад, пікет не дазвалялі праводзіць. Мы падалі ў суд. Спачатку ў мясцовы, потым да Вярхоўнага дайшлі. Затым у Камітэт правоў чалавека. Мне ж адказвалі паўсюль, што рашэньне аб забароне пікету было правільным. Справу чатыры гады разглядалі. Вырашылі, што я мела рацыю, задаволілі скаргу. Але мясцовыя ўлады як не дазвалялі пікетаў, так і не дазваляюць. Вось зараз мы ладзілі пікеты супраць дэкрэту № 3, таксама забаранілі. Ім гэта ўсё адно.

Але я хачу праўду знайсьці. Калі доўга стукацца, то, магчыма, у некага нэрвы здадуць. Пакуль уладам усё дазволена. Калі б з Камітэту на іх неяк узьдзейнічалі. А так... Хаця як тут ня скардзіцца, калі такое бачыш? Людзей шмат незадаволеных, але скаргі асабліва ня хочуць падаваць. Калі б усе падавалі, то, я думаю, нешта зьмянілася б. Пакуль скаргі падаюць больш людзі палітычна накіраваныя. Простыя ня хочуць».

Хто, пры якіх умовах і якім чынам можа зьвярнуцца ў Камітэт правоў чалавека?

Любы чалавек, які лічыць, што ягоныя правы былі парушаныя. Умова фактычна адна — перад тым, як зьвярнуцца ў Камітэт, неабходна прайсьці ўсе ўнутраныя інстанцыі. У выпадку Беларусі — атрымаць адмову ў Вярхоўным Судзе. Важны момант — Камітэт правоў чалавека разглядае скаргі беларусаў на сваю дзяржаву аб парушэньні толькі грамадзянскіх і палітычных правоў, яны пералічаныя ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Маёмасныя, сацыяльна-эканамічныя, культурныя правы ў Камітэце, у адрозьненьне ад ЭСПЧ, абараніць нельга. Не займаецца ён таксама разглядам крымінальных спраў. Паводле праваабаронцаў, скаргі на Беларусь у Камітэт правоў чалавека ААН дасылаюць у асноўным палітычныя і грамадзкія актывісты.

Падаць скаргу ў Камітэт правоў чалавека можна па пошце, прыклаўшы запоўненую заяўку і копіі неабходных дакумэнтаў. Перакладаць іх на ангельскую мову не трэба, адной з працоўных моваў Камітэту зьяўляецца расейская. На практыцы афармленьнем скаргаў у Камітэт правоў чалавека ў Беларусі займаюцца праваабарончыя арганізацыі і асобныя праваабаронцы. Для гэтага трэба мець спэцыяльныя веды.

Ці мае рашэньне Камітэту юрыдычную сілу ў Беларусі?

Ня мае, Беларусь не абавязаная выконваць рашэньні Камітэта правоў чалавека ААН. Яго высновы носяць выключна рэкамэндацыйны характар. Пасьля атрыманьня скаргі пачынаецца працяглая працэдура. Ураду Беларусі даецца 180 дзён на тое, каб пракамэнтаваць сытуацыю. Затым Камітэт дасылае гэты камэнтар аўтару скаргі, які, у сваю чаргу, мае таксама 180 дзён на адказ. На практыцы разгляд скаргі ў Камітэце правоў чалавека можа працягвацца нават 5 і больш гадоў. Рэкордна кароткі тэрмін — 2 гады (скарга Мілінкевіча, 2006 год). Рэкордна працяглы — 7 (скарга Судаленкі, 2007 год).

Як часта беларусы скардзяцца на Беларусь?

З 1992 году ў Камітэце правоў чалавека ААН было зарэгістравана каля 240 скаргаў беларусаў на сваю дзяржаву. Пададзена значна больш. Праваабаронцы гавораць, што каля 75% пададзеных скаргаў не рэгіструюць праз парушэньні падчас афармленьня. Большасьць з разгледжаных скаргаў беларусаў у Камітэце правоў чалавека ААН прызнаюць справядлівымі, неабгрунтаванымі — прыкладна 5% зь іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG