Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі ўлады і грамадзкай супольнасьці Беларусі ўдзельнічаюць у форуме «Ўсходняга партнэрства» ў Таліне


Ілюстрацыйнае фота. Саміт «Усходняга партнэрства» ў Рызе. 22 траўня 2015 году

Прадстаўнікі Беларусі бяруць удзел у канфэрэнцыі грамадзянскай супольнасьці ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», якая праходзіць 25-27 кастрычніка ў Таліне.

Галоўная мэта форуму — умацаваньне пазыцыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці краінаў «Усходняга партнэрства», якія разам з грамадзкімі арганізацыямі краінаў Эўразьвязу вызначаюць будучыню «Ўсходняга партнэрства».

Удзельнікі канфэрэнцыі абмяркуюць вынікі працы грамадзянскага сэктару, а таксама пэрспэктывы разьвіцьця. Дыскусіі пройдуць на тэмы: бізнэс; правы чалавека і дэмакратыя ў краінах «Усходняга партнэрства»; гендэрная роўнасьць; узаемадзеяньне недзяржаўных арганізацыяў і ўраду; пагрозы навакольнаму асяродзьдзю.

Беларусь на канфэрэнцыі прадстаўляюць праваабаронца Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая, генэральны дырэктар міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Улад Вялічка ды іншыя грамадзкія дзеячы.

Ад уладаў Беларусі заяўлены намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка і кіраўнік дэпартамэнту эўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Андрэй Бушыла.

Канфэрэнцыя грамадзянскай супольнасьці краінаў «Усходняга партнэрства» і 9-я штогадовая асамблея Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» праходзяць у Таліне ў рамках старшынства Эстоніі ў Радзе Эўрапейскага Зьвязу.

Саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца 24 лістапада ў Брусэлі.

Чаму саміт «Усходняга партнэрства» пройдзе ў Брусэлі, а ня ў Таліне

У прадстаўніцтве ЭЗ заявілі, што Беларусь запрошаная да ўдзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі такім жа чынам, як і іншыя краіны — удзельніцы ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства» і краіны Эўрапейскага Зьвязу: запрашэньне адрасаванае кіраўніку дзяржавы.

Напярэдадні чатырох папярэдніх самітаў «Усходняга партнэрства» ЭЗ ясна даваў зразумець, што на іх не чакаюць Лукашэнку, які кіруе Беларусьсю шмат гадоў і якога называлі «апошнім дыктатарам Эўропы».

На апошнім такім саміце, які праходзіў у Рызе ў 2015 годзе, Менск прадстаўляў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG