Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму саміт «Усходняга партнэрства» пройдзе ў Брусэлі, а ня ў Таліне


Архіўнае фота. Саміт «Усходняга партнэрства» ў Рызе. 22 траўня 2015 году

Кіраўніцтва Эўразьвязу канчаткова вызначылася з датай і месцам правядзеньня чарговага, пятага па ліку, саміту «Ўсходняга партнэрства». Ён пройдзе 24 лістапада 2017 году ў Брусэлі.

Тым самым парушаная традыцыя папярэдніх самітаў. Усе яны праходзілі выключна ў сталіцах краінаў, якія на той момант старшынствавалі ў Эўразьвязе. Так было ў 2009 годзе, калі першы саміт праходзіў у сталіцы Чэхіі Празе. Сытуацыя паўтарылася ў 2011, 2013 і 2015 гадах, калі мерапрыемства адбывалася ў Варшаве, Вільні і Рызе.

Ад 1 ліпеня 2017 году ў Эўрапейскім зьвязе старшынюе Эстонія. І лягічна было б чакаць, што пяты саміт пройдзе ў Таліне.

Свае думкі, чаму саміт адбудзецца не ў сталіцы Эстоніі, а ў «сталіцы ЭЗ», Свабодзе выказаў кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«На мой погляд, Эстонія без праблем правяла б гэтае мерапрыемства. Але стала вядома, што сёлета ініцыятары праграмы „Ўсходняе партнэрства“ паспрабуюць другі раз прыняць нешта накшталт дарожнай мапы. Гэты дакумэнт падрыхтавалі летась у сьнежні, затым яшчэ раз удакладнілі сёлета ў ліпені. Там пастаўленыя асноўныя прыярытэты разьвіцьця „Ўсходняга партнэрства“, індыкатары гэтага разьвіцьця, мэты і г.д. да 2020 году. Гэты вельмі важны дакумэнт у асноўным распрацаваны Эўрапейскай камісіяй. І я сказаў бы, што „Ўсходняе партнэрства“ наагул больш рухаецца праз эўрапейскія інстытуцыі, чым праз краіны-сябры Эўрапейскага зьвязу.

Таму, я мяркую, што эўрапейскія ўлады хочуць большай прысутнасьці людзей, якія працуюць у рэгіянальных дэпартамэнтах Эўрапейскай камісіі. Навошта іх усіх вазіць у Талін, калі прасьцей правесьці сам саміт у Брусэлі. І тады чыноўнікі, якія канкрэтна займаюцца пэўнымі праблемамі, напрыклад узаемадзеяньнем зь мясцовымі ўладамі, змогуць больш рэальна бачыць сытуацыю і ўносіць карэктывы ў свае праграмы».

У чым праблема «Усходняга партнэрства»

​Першую дарожную мапу «Ўсходняга партнэрства» шмат крытыкавалі, асабліва ўлады Беларусі, за тое, што яна была ўнівэрсальным дакумэнтам, які не ўлічваў спэцыфіку кожнай з шасьці краінаў — удзельніц праграмы: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Як паказаў час, імкненьні ў гэтых краінаў сапраўды розныя. Так, Грузія, Малдова, Украіна скіраваныя на супрацоўніцтва з Эўразьвязам, Армэнія і Беларусь увайшлі ў Эўразійскі эканамічны саюз, Азэрбайджан бачыць свайго найбліжэйшага партнэра ў Турэччыне.

На апошнім, Рыскім саміце праекту нарэшце афіцыйна зафіксавалі неабходнасьць рознага, разнахуткаснага ўдзелу ў гэтым праекце кожнай з шасьці краінаў. Так Беларусь апынулася сярод тых, хто лічыць прыярытэтам для сябе разьвіцьцё гандлёва-эканамічных дачыненьняў, адсунуўшы базавыя каштоўнасьці Эўразьвязу (правы чалавека, свабоду слова, сходаў, дэмакратычныя выбары) на няпэўную пэрспэктыву. Калі раней у Брусэлі марылі правесьці адначасова рэформы ва ўсіх шасьці краінах «Усходняга партнэрства», то цяпер разнахуткасная інтэграцыя прымаецца эўрапейскімі чыноўнікамі з большым разуменьнем.

Да саміту рыхтуюцца ўлады і экспэрты

31 жніўня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей удзельнічаў у сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў — удзельніц ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і Вышаградзкай групы.

Уладзімер Макей на сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў – удзельніц ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і Вышаградзкай групы
Уладзімер Макей на сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў – удзельніц ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і Вышаградзкай групы

Яны абмяркоўвалі і падрыхтоўку да брусэльскага саміту «Ўсходняга партнэрства».

А 7 верасьня ў Менску зьбяруцца міжнародныя экспэрты, каб абмеркаваць будучыню «Ўсходняга партнэрства» на фоне росту рэгіянальнай нестабільнасьці. Пра гэта інфармуе экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг».

Якія асноўныя дасягненьні і няўдачы ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» за восем гадоў яе існаваньня?

Ці здолела «Ўсходняе партнэрства» стаць паўнавартаснай пляцоўкай для разьвіцьця стасункаў Эўразьвязу з краінамі-партнэрамі?

Як эскаляцыя ў дачыненьнях Расеі і Захаду адбіваецца на гэтай ініцыятыве і што чакаецца ў агляднай будучыні?

Ці могуць міратворчыя ініцыятывы Беларусі знайсьці адлюстраваньне ў рамках «Усходняга партнэрства»?

Адказы на гэтыя тэмы паспрабуюць даць у часе канфэрэнцыі беларускія і міжнародныя экспэрты.

Асобны блёк будзе прысьвечаны пытаньню, ці можна надаць «Усходняму партнэрству» другое дыханьне. Удзельнікі канфэрэнцыі выпрацуюць рэкамэндацыі для саміту ў Брусэлі.

З гісторыі праекту

«Усходняе партнэрства» — ініцыятыва, закліканая разьвіваць інтэграцыйныя сувязі Эўразьвязу з Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Праз праблемы з правамі чалавека і замарожваньнем дачыненьняў з Эўразьвязам у папярэднія гады Беларусь ня ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках «Усходняга партнэрства».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG