Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніца: Вялікая Брытанія гатовая заплаціць за Brexit у пяць разоў менш, чым просіць Эўразьвяз


Фінансавыя патрабаваньні Эўразьвязу да Вялікай Брытаніі зьяўляюцца адным з самых спрэчных пунктаў перамоваў пра Brexit.

У працэсе выхаду з складу Эўрапейскага Зьвязу Вялікая Брытанія гатовая выплаціць Брусэлю ня менш за 20 млрд эўра. Пра гэта заявіў дарадца прэм’ер-міністра аб’яднанага каралеўства Тэрэзы Мэй у пытаньнях Эўразьвязу Олівэр Робінс, паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на Financial Times.

Чакаецца, што памер сумы, якую Лёндан мае намер выплаціць Эўразьвязу, Мэй можа афіцыйна абвясціць у праграмнай прамове пра Brexit 22 верасьня ў Флярэнцыі.

У той жа час у брытанскім урадзе зьвесткі пра суму ў 20 млрд ужо назвалі «чыстай спэкуляцыяй».

Фінансавыя патрабаваньні Эўразьвязу да Вялікай Брытаніі зьяўляюцца адным з самых спрэчных пунктаў перамоваў пра Brexit. Паводле зьвестак крыніц у Брусэлі, Эўразьвяз патрабуе ад 60 да 100 млрд эўра, якія, згодна з заявай эўракамісара ў пытаньнях бюджэту Гюнтэра Этынгера, павінны быць выплачаныя да 2023 году.

Вялікая Брытанія мае выйсьці з Эўразьвязу да канца сакавіка 2019 году пасьля рэфэрэндуму 2016-га, большасьць удзельнікаў якога падтрымалі гэтае рашэньне. 29 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй пачала працэс выхаду з ЭЗ згодна з артыкулам 50 Лісабонскай дамовы аб функцыянаваньні Эўрапейскага зьвязу, якая прадугледжвае працэдуры такога выхаду. Гэты працэс павінен доўжыцца ня больш за два гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG