Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і сірыйскія ўцекачы – беднякі не сябруюць з законам


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Сябры-знаёмыя распавядаюць, што ў іх на працы ў курылках з Украіны пераключыліся на ўцекачоў з Сірыі ў Эўропу. «Гнаць іх трэба, яны ж там усё разьнясуць, дармаеды, колькі там сярод іх ісламістаў?»

А ў фэйсбуку абмяркоўваюць праблему легалізацыі прастытуцыі. Ня так масава, як уцекачоў, затое, што завецца, спэцыялісты. У сэнсе, людзі, якія ўплываюць на меркаваньні іншых у большых ці меншых групах.

«Два міра, два Шапіра». Абодва «Шапіры», то бок, тэмы, неактуальныя для Беларусі. Але парадаксальным чынам непасрэдна зьвязаныя міжсобку. Беднякі з арабскіх краінаў не ўцякаюць у Беларусь з той самай прычыны, што ў Менск едуць іхныя больш заможныя суайчыньнікі.

Уявіце сабе хоць бы дзесяць тысяч жыхароў з арабскіх краінаў, спыненых дзесьці ў Мсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці. Гэта людзі бязь веданьня тутэйшых моваў, улучна з трасянкай. Без уяўленьня пра беларускія законы, норавы і сьветагляд. Гэта збольшага сяляне, якія ня ведаюць сельскагаспадарчага цыклю ў Беларусі. Гэта фактычна нямыя людзі бяз рук, хіба з нагамі.

Калі яны расьцягнуцца па Беларусі паасобку, іх будуць лавіць міліцыянты, і саджаць у ізалятары часовага ўтрыманьня «да высьвятленьня». Гэта могуць быць доўгія месяцы за кратамі ў невыносных, асабліва зімой, умовах. Калі будуць трымацца групай, іх абнясуць калючым дротам. А пасьля, імаверна, дэпартуюць назад у РФ. Бо дзе браць грошы на ўтрыманьне, як у Беларусі афіцыйна зацьверджана, «дармаедаў»? А для адаптацыі – навучаньня мове і рабочай спэцыялізацыі – патрэбна нямала часу.

Гэтыя людзі трапяць у краіну, дзе расізм асабліва не хаваецца. Не ідэйны, а такі сабе простанародны пабытовы расізм. Міліцэйскі патруль спыняе смуглявага чалавека, правярае дакумэнты, і хоць яны ў парадку, усё роўна цягне ў пастарунак. Сам рабіў такі журналісцкі матэрыял, і чуў і бачыў мноства іншых прыкладаў.

А калі яшчэ і грашовую падтрымку будуць даваць, мясцовыя беларускія беднякі, якіх ужо ці ня большасьць жыхароў, проста зьядуць уцекачоў разам з усімі іхнымі ўцякацкімі дакумэнтамі. Зьвяртацца ў міліцыю? Там сядзіць брат-сват-кум-дзядзька таго самага крыўдзіцеля, на якога пісалася заява. Заява дзесьці згубіцца.

А цяпер самае галоўнае. Уявіце сабе, што ўцекачы пачалі «качаць правы». Ды саміх беларускіх грамадзянаў можна лёгка асудзіць за «лаяўся матам»! І за нагу могуць пацягаць галавой па мармуровых прыступках. Пэрспэктыва ня толькі сумная, але і небясьпечная для здароўя.

А калі ты арабскі мужчына з грашыма, стаўленьне да цябе ў Беларусі робіцца дыямэтральна супрацьлеглым. На табе зарабіць могуць многія. Напрыклад, гатэльны бізнэс.

У цэнтры Менску недалёка адзін ад аднаго стаяць два гатэлі: дзяржаўны і замежнага ўладальніка. Абодва карысныя гасьцям сталіцы тым, што маюць кругласуткавыя абменьнікі, і кругласуткавыя кавярні. У дзяржаўным па начах пуста, а ў замежным – мноства смуглявых джэнтэльмэнаў з залатымі гадзіньнікамі на руках і залатымі ж ланцугамі на шыях. Побач – маладыя дамы ў кароткіх і бліскучых сукенках з дэкальтэ. «Так, – кажа знаёмы опэр, – гэты гатэль – элітны публічны дом».

У краінах, дзе пануе закон, паліцыя нічога з прастытуцыяй зрабіць ня можа. Бо як ты дакажаш? А ў краінах, дзе закон «шырокага ўжываньня», можна, напрыклад, зрабіць аблаву, і ўсіх дзяўчат пасадзіць на Акрэсьціна за тое, што «лаяліся матам». Калі так зрабіць некалькі разоў, гатэль закрыецца. Але ён не закрываецца. «Сам можаш здагадацца, – кажа опэр, – што ўсё гэта крышуецца, але даказаць у судзе немагчыма». А я кажу, маўляў, у судзе можна сказаць, што тыя, хто крышуюць, «лаяліся матам». Сьмяемся. А што рабіць?

У курылках і сацыяльных сетках беларусы абмяркоўваюць што заўгодна, толькі не праблемы ў сябе пад носам, бо разумеюць небясьпеку зачапіць тых, хто «крышуе» ўсялякае рознае.

Зрэшты, абмяркоўваючы чужыя праблемы, людзі прымяраюць іх да сябе, а значыць, думаюць і пра аддаленую будучыню. А гэта ўжо пазытыўны вынік.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG