Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рома едзе ў пераклад: кнігу Рамана Сьвечнікава выдадуць у Расеі


Рома Сьвечнікаў на прэзэнтацыі другога тома "Рома едзе". Фота: 34mag, http://34mag.net/post/roma-stavic-kropku/
Рома Сьвечнікаў на прэзэнтацыі другога тома "Рома едзе". Фота: 34mag, http://34mag.net/post/roma-stavic-kropku/

Кнігу Ромы Сьвечнікава «Рома едзе» перакладуць на расейскую і надрукуюць у выдавецтве Corpus.

У пятніцу, 18 верасьня, Рома Сьвечнікаў прадставіў у менскай прасторы ЦЭХ другую частку кнігі пра свае падарожжы, «Рома едзе, том 2». Нядаўна стала вядома, што кнігай зацікавілася расейскае выдавецтва Corpus.

Пра выданьне распавёў Свабодзе рэдактар часопісу 34mag Антон Кашлікаў:

Антон Кашлікаў
Антон Кашлікаў

​«Ёсьць дамова на пераклад на расейскую мову, пераклад ужо робіцца, — кажа Кашлікаў. — Кніга выйдзе ў „Корпусе“, мяркуецца, вясной 2016-га. Гэта пераклад кнігі, што выходзіла ў Беларусі ў супольнай сэрыі „Логвінава“ і 34mag. У нас яна выходзіла ў двух тамах, бо калі выйшла першая частка, Рома яшчэ быў у дарозе і, адпаведна, ніхто ня мог ведаць, калі і чым усё скончыцца. У Расеі яна выйдзе адной кніжкай».

У 2012 годзе Рома кінуў вучобу ва ўнівэрсытэце і выправіўся ў кругасьветнае падарожжа. Першы том «Рома едзе» — нататкі Ромы пра вандроўку зь Беларусі ў ЗША праз Грузію, Арменію, Іран, Расею, Манголію, Кітай, Ляос і Тайлянд. У другім Рома распавядае пра дарогу празь дзьве Амэрыкі: Лёс-Анджэлес, Канаду, Нью-Ёрк, Мэксыку, Цэнтральную і Паўднёвую Амэрыку ды пра вяртаньне ў Беларусь.

Абедзьве кнігі можна прачытаць і спампаваць на сайце 34mag: першая частка тут, другая тут.

«Corpus — аб’ектыўна найлепшае на дадзены момант расейскае выдавецтва, — мяркуе Кашлікаў. — Яно выдае ў Расеі самыя важныя сусьветныя прэм’еры. У прыватнасьці, менавіта ў „Корпусе“ неўзабаве выйдзе пераклад апошняга раману Мішэля Ўэльбэка, яно выдае Джонатана Франзэна — амэрыканскага празаіка №1. І гэтак далей. Corpus ўваходзіць у структуру выдавецкай карпарацыі АСТ, таму іх кнігі распаўсюджваюцца паўсюдна, у тым ліку і ў Беларусі. Чаму яны зацікавіліся? Таму што „Рома Едзе“ — сапраўды моцная гісторыя, якая ня мае аналягаў. Я ўпэўнены, што расейскі пераклад далёка не апошні».

Кнігу перакладае і рэдагуе чалавек, неабыякавы да падарожжаў Ромы: разам з Ромам Барыс Нікалайчык летам гэтага года аб’ехаў Беларусь на роварах з маторамі. Цяпер яны мантуюць дакумэнтальны фільм пра сваю паездку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG